Урачыстае Te Deum laudamus спявалі вечарам 13 красавіка ў той самай святыні, дзе 25 гадоў таму было абвешчана, што Святы Айцец Ян Павел ІІ адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Тады была ўсталявана Мінска-Магілёўская мітраполія, адроджана Пінская дыяцэзія і заснавана Гродзенская дыяцэзія.
Таксама тады было абвешчана пра прызначэнне 77-гадовага прэлата кс. Казіміра Свёнтка Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Ксёндз Аляксандр Кашкевіч, тагачасны пробашч парафіі Святога Духа ў Вільнюсе, быў прызначаны першым біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі.
Трэба дзякаваць і па-ранейшаму прасіць
У 25-ю гадавіну той важнай для Каталіцкага Касцёла на нашых землях падзеі 13 красавіка ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прайшла ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, што ўжо 25 гадоў узначальвае дыяцэзію.
Падчас Эўхарыстыі з удзелам духавенства і вернікаў прагучалі словы падзякі Богу за дар Гродзенскай дыяцэзіі і яе біскупа. Маліліся таксама ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэты Касцёл. Біскуп Кашкевіч зазначыў, што ў гэты дзень з вялікай падзякай становіцца перад Богам, багатым у міласэрнасці, каб падзякаваць за кожнага святара і законную сястру, дзяцей і моладзь, а таксама ўсіх дыяцэзіян, якіх Божы Провід даверыў яго пастырскай апецы.
«Сёння разам з вамі прагну дзякаваць Пану Богу за ўсе ласкі і дары, якія атрымліваем штодзень ад Яго на працягу гэтых 25 гадоў. Хочам таксама пакорна прасіць аб далейшай Божай апецы над нашым Касцёлам і над кожным з нас», — сказаў на пачатку Імшы ардынарый.
У гаміліі кс. Аляксандр Мацкевіч, натарыус біскупскай курыі ў Гродне, зазначыў, што воля Езуса Хрыста — Добрага Пастыра — у тым, каб ніводная авечка Пана не загінула, але каб мела ўсё ў дастатку. «З гэтай мэтай Добры Пастыр дае сваім авечкам пастыраў, якія ў Яго імя, Яго моцаю і ўладай верна апякуюцца даверанай Ім паствай», — дадаў кс. Мацкевіч.
«Езус Хрыстус у сваім Касцёле пастаянна корміць авечак хлебам свайго Слова і свайго Цела. Поіць іх уласнай Крывёю і жыццядайнай вадою Святога Духа», — сказаў святар.
Ксёндз Аляксандр Мацкевіч пажадаў, каб у наступныя гады свайго пастырскага служэння біскуп Аляксандр Кашкевіч «ішоў на чале людзей, паказваў дарогу і падтрымліваў надзею, быў сярод усіх са сваёй міласэрнасцю і спачуваннем».
Адкрыйцеся на святло Святога Духа
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі на заканчэнне Імшы, прыгадваючы падзеі 25-гадовай даўніны, адзначыў, што з біскупскай намінацыяй Гродна яшчэ больш пачула пра Божую Міласэрнасць.
«Мы ўдзячныя табе сёння, шаноўны біскуп — наш ардынарый, за распаўсюджванне культу Божай Міласэрнасці ў нашай дыяцэзіі, у нашых парафіях, за тое, што гэты культ пашыраеш, тлумачыш і ўдзяляеш», — сказаў біскуп Юзаф Станеўскі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч прыбыў у Гродна ад трону Маці Божай Міласэрнай, якую шануюць у вастрабрамскім абразе. У той жа парафіі ў Вільнюсе знаходзіцца першы абраз Езуса Міласэрнага, напісаны па просьбе св. Фаўстыны. Менавіта біскуп Кашкевіч прыняў гэты абраз і змясціў у касцёле Святога Духа, дзе ў 1981-1991 гг. быў пробашчам.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч абраў дэвізам свайго біскупскага служэння словы Jesu in Te confido — Езу, давяраю Табе. Адраджэнне каталіцкіх структур у Беларусі стала магчымым дзякуючы Святому Айцу Ян Паўлу ІІ.
«Сваім адважным рашэннем Ян Павел ІІ нанова адчыніў дзверы нашага народа і краіны на святло Святога Духа. Пасля 25 гадоў можна глядзець і ацаніць, як Святы Дух у нашай дыяцэзіі і нашым Касцёле дзейнічае і шмат учыняе», — дадаў біскуп Юзаф Станеўскі.
«Дзякуючы рэгулярнаму абвяшчэнню Божага слова і святым сакрамэнтам мы бачым, як усё новыя сэрцы адкрываюцца на Божую Міласэрнасць», — заключыў біскуп.
У гэты дзень наймалодшыя парафіяне — дзеці катэдральнай парафіі — ад імені ўсёй дыяцэзіі склалі сардэчныя віншаванні свайму біскупу, жадаючы каб у штодзённым служэнні яму заўсёды спрыяла радасць, супакой, а таксама людская прыязнасць.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім прысутным у гродзенскай катэдры за малітву ў яго інтэнцыі і заахвоціў да выражэння ўдзячнасці Богу.
«Кожны юбілей з’яўляецца добрай нагодай да падсумавання пэўнага пройдзенага этапу. Гэта свайго роду духоўны агляд усяго таго, што адбылося ў гэты час. Але гэта таксама і чарговая нагода да выражэння ўдзячнасці Пану Богу за ўсялякія даброты, якія сталі нашым удзелам», — дадаў іерарх.
Галоўныя ўрачыстасці 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі і сакры біскупа Аляксандра Кашкевіча адбудуцца 24-26 мая››
Кс. Юрый Марціновіч (IL) Фота Андрэя Каўшука
|