XXIII Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі: Масты ўжо чакаюць! |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
20.04.2016 09:26 |
У Мастах завяршаецца падрыхтоўка да ХХIII Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якія адбудуцца 7-9 мая. Дэвіз сёлетняй сустрэчы — «Пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці». Удзельнікаў Дыяцэзіяльных дзён моладзі заахвоцяць яшчэ раз прыгледзецца да ўчынкаў міласэрнасці адносна душы і цела. У Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які перажывае зараз Каталіцкі Касцёл, да моладзі Гродзенскай дыяцэзіі будзе скіраваны заклік нанова адкрыць значэнне гэтых учынкаў і ісці ў свет, робячы іншым дабро.
Як быць прыладай Божай Міласэрнасці? «Дарагі майму сэрцу малады чалавек! Калі хочаш правесці з Богам час і акунуцца ў сапраўдную хрысціянскую радасць, то запрашаем цябе на гэтую сустрэчу. Няхай вынікам сустрэчы будзе пошук адказу на вельмі важнае пытанне: як быць сёння прыладай Божай міласэрнасці», — дадае кс. Антоні Грэмза, скіроўваючы запрашэнне да моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Праграма Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі i ўмовы ўдзелу>> У гэтым годзе ўдзельнікаў будзе прымаць парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, а таксама памежныя з ёй парафіі ў Росі, Воўпе, Мікелеўшчыне і Правых Мастах. Вернікі гэтых парафій адчыняць дзверы сваіх дамоў і сэрцаў, каб прыняць на начлег моладзь.
|