26 красавіка прыпала 50-я гадавіна смерці Слугі Божай с. Малгажаты
Банась — дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка. Сястра Малгажата —
адзіная з супольнасці сясцёр у Навагрудку, якая засталася ў жывых;
астатнія 11 манахінь былі расстраляны гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г.
З гэтай нагоды ў навагрудскім касцёле Перамянення Пана, аб якім рупліва клапацілася с. Малгажата, адбылася ўрачыстая святая Імша ў інтэнцыі яе хутчэйшай беатыфікацыі. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У літургіі прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, шматлікія святары, манахіні, свецкія ўлады, жыхары навагрудскай зямлі і пілігрымы з розных месцаў Гродзеншчыны.
Таксама на ўрачыстасцях прысутнічала с. Яна Завея, генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая спецыяльна прыбыла з Рыма.
Сястра Малгажата, беатыфікацыйны працэс якой пачаўся 19 лютага 2003 г., сваім жыццём глыбока ўпісалася ў жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Нягледзячы на цяжкія часы, яна трывала на варце духоўнай спадчыцы 11 благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка. Яна адзіная з сясцёр, якая засталася ў жывых падчас нацысцкага і атэістычнага пераследу, каб перадаць сведчанне аб гераічнай любові благаслаўлёных мучаніц і скласці вызнанне веры аб жывой прысутнасці Пана Езуса ў Эўхарыстыі, з якой яна штодзённа чэрпала незвычайную моц і надзею.
Сястра Малгажата была патрэбна тады і патрэбна сёння
Гамілію падчас Імшы прамовіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, нагадаўшы ў ёй духоўны жыццярыс манахіні. Іерарх адзначыў, што с. Малгажата атрымала вельмі адказнае заданне, вызначанае Божым Провідам, і была вельмі патрэбна для сваіх паплечніц, жыхароў навагрудскай зямлі, а таксама патрэбна сучанаму чалавеку.
«Провід Бога падрыхтаваў для сястры свае заданні, цяжкія і нават гераічныя выпрабаванні. Яна была патрэбнай Пану Богу і людзям, таму і засталася жыць. Сястра Малгажата была патрэбнай для загінуўшых сясцёр яе супольнасці, для жыхароў Навагрудчыны. Яна патрэбна сёння і нам», — сказаў біскуп. Кажучы аб тым, што с. Малгажата была патрэбна для жыхароў Наварудка, пінскі ардынарый звярнуў увагу, што яна спрыяла захаванню веры і традыцыі сярод мясцовых вернікаў.
«Сястра Малгажата была патрэбнай жыхарам Навагрудка і навакольных мясцовасцяў. Калі не было святара, яна спрыяла захаванню веры і традыцыі сярод тутэйшых католікаў. Як сама казала: “Выразна адчуваю, што Бог пакінуў мяне на варце Яго дому”», — адзначыў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што с. Малгажата патрэбна і сучаснаму чалавеку, тым, хто жыве ў іншых умовах і ў іншыя часы.
«Сёння, калі пануе прага спажывецтва, лёгкага жыцця, пошук выгады, дух так званага “святога спакою” ўліваецца ўсё мацней і ахоплівае душы не толькі свецкіх, але таксама духоўных і кансэкраваных асобаў. Бо дух часу не абмінае нікога. Асяроддзе фармуе пэўным чынам кожнага з нас. І таму ў сённяшні час сястра Малгажата з’яўляецца нам, як светлы ўзор, як прыклад для наследавання. А можа, нават як дакор сумлення», — сказаў пінскі ардынарый.
Сястра Малгажата — прыклад вернасці Богу
Жыццё гэтай манахіні сёння з’яўляецца годным прыкладам для наследавання асабліва для сясцёр назарэтанак, якія шмат гадоў ахвярна служаць у Касцёле ў Беларусі і атачаюць вялікім клопатам месца спачыну 11 навагрудскіх мучаніц і Слугі Божай с. Малгажаты.
11 назарэтанак-мучаніц і с. Малгажата спачываюць у касцёле Перамянення Пана, які быў для іх штодзённым месцам сустрэчы з Богам на малітве і які яны вельмі любілі. Як тады, так і сёння яны ўтвараюць манаскую супольнасць; як раней былі разам, так і сёння сваёй прысутнасцю затрымліваюць хаця б на кароткую малітву многіх пілігрымаў, якія наведваюць святыню.
Шмат людзей становіцца на калені перад іх саркафагам, упісваюць свае просьбы ў Кнігу інтэнцый, а потым праз заступніцтва сясцёр выпрошваюцца патрэбныя ласкі.
За развіццё культу благаслаўлёных назарэтанак і заахвочванне да малітвы аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божай с. Малгажаты ў 50-ю гадавіну яе смерці выказаў падзяку, звяртаючыся да генеральнай настаяцельніцы с. Яны Завеі, біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сведчанне веры і ахвяра жыцця сясцёр, можна з вялікай упэўненасцю казаць, паспрыялі захаванню веры на беларускіх землях. «Я ўпэўнены, што нябёсы пачулі нашы малітвы, якія ўзносім Богу праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц, просячы таксама заступніцтва Слугі Божай сястры Малгажаты», — сказаў біскуп і дадаў, што між іншым дзякуючы іх веры і сведчанню жыцця Касцёл у Беларусі можа сёння святкаваць 25-годдзе адраджэння сваіх структур.
Іерарх заахвоціў усіх прысутных часта звяртацца да Слугі Божай Малгажаты, каб асабліва для ўсіх сем’яў нашай краіны яна прасіла патрэбныя ласкі ў Бога, і маліцца аб яе хутчэйшай беатыфікацыі.
Гісторыя сясцёр назарэтанак вельмі падобная да гісторі 12 апосталаў, якія былі разам з Езусам. Усе яны загінулі мучаніцкай смерцю, апрача аднаго — апостала Яна. Падчас Другой сусветнай вайны ў Навагрудку служылі 12 назарэтанак. Яны загінулі мучаніцкай смерцю ад рук гітлераўцаў. Засталася ў жывых толькі адна — сённяшняя Слуга Божая сястра Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў Гетсэманскім садзе.
Варта пажадаць, каб кроў мучаніц, пралітая на нашай зямлі, і сведчанне жыцця сястры Малгажаты былі натхненнем для многіх, каб кожны дзень спальваць сябе для Хрыста, каб любіць і будаваць на зямлі валадарства любові і міру.
Кс. Юрый Марціновіч, фота аўтара і с. Марыяны Алешчык CSFN
Малітва аб атрыманні ласкаў праз заступніцтва Слугі Божай с. Марыі Малгажаты Банась
Міласэрны Божа! Твой Сын Езус Хрыстус з адданасцю і любоўю прыняў Тваю волю, а Яго смерць стала для Касцёла крыніцай новага жыцця. Учыні ласкава, каб Твая Слуга, с. Малгажата, назарэтанка з Навагрудка, якая, як і Езус, прыняла пераслед і супярэчнасці лёсу як заклік да асаблівай паслугі ў Касцёле, была далучана да ліку благаслаўлёных.
Няхай прыклад яе веры, мужнасці і любові да бліжняга заахвочваюць нас да вернасці Хрысту і Яго Касцёлу. Праз яе заступніцтва адары нас ласкай, аб якой просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Аб усіх ласках, атрыманых праз заступніцтва Слугі Божай, просьба паведаміць у дыяцэзіяльную курыю ў Гродна або духоўным уладам Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Беларусі.
|