Пад чароўныя гукі музыкі: у Навагрудку асвяцілі адрамантаваны арган |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
03.05.2016 10:40 |
30 красавіка ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў пасля рамонту арган, гукаў якога жыхары Навагрудка не чулі на працягу двух дзесяцігоддзяў. Як расказаў пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын, на аднаўленне касцёльнага шасцігалоснага аргана, якому, да слова, больш за 100 гадоў, было затрачана шмат працы. Спецыялістаў, якія маглі б выканаць гэту работу, у нашай краіне таксама няма, таму прыйшлося прыцягваць замежных. Зрэшты і неабходныя дэталі заказваліся за мяжой, большасць была дастаўлена з Германіі.
— Вібрацыі паветра ад гучання аргана адчуваюцца нават на падлозе, можна сказаць, што ствараецца своеасаблівае 3D-успрыманне музыкі. Нездарма арган называюць «каралём інструментаў», — адзначыў ксёндз Юрый. — Наш арган будзе выкарыстоўвацца не толькі падчас літургій. У самых бліжэйшых планах правядзенне ў касцёле арганных канцэртаў не толькі духоўнай, але і класічнай музыкі, якія так папулярныя ў краіне.
Затым біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 56 парафіянам, большасць з якіх — гэта моладзь. У жыцці каталіцкага верніка гэты сакрамэнт мае вялікае значэнне, бо сімвалізуе канчатковае ўвядзенне ў склад касцёльнага грамадства, умацоўвае Божую ласку, атрыманую пры хросце. Гучанне аргана і спевы хору Гродзенскай дыяцэзіі «Cantate Domino» зрабілі ўдзяленне сакрамэнту асабліва святочным і незабыўным.
|