8 мая ХХІІІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якія праходзяць сёлета ў
Мастах, наведаў Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры ў
Беларусі мансеньёр Марынко Антолавіч, які ўзначаліў у межах
мерапрыемства святую Імшу.
На пачатку Імшы моладзь прывітала мансеньёра Марынко Антолавіча і падзякавала за яго ўвагу, аказаную маладым вернікам Гродзенскай дыяцэзіі. Моладзь адзначыла, што візіт Часовага паверанага набліжае ёй асобу Папы Францішка і выражае еднасць з Апостальскай Сталіцай. 
У гаміліі, каментуючы літургічныя чытанні на гэты дзень, мансеньёр Марынко Антолавіч засяродзіў увагу на апісанні мучаніцкай смерці св. Стэфана.
«Таксама і сёння ёсць тыя, хто не хоча нават слухаць пра Езуса, пра Добрую Навіну», — адзначыў у сувязі з гэтым святар. Часовы павераны дадаў, што ў нашым стагоддзі супольнасць, якую найбольш пераследуюць, — гэта хрысціяне, і ёсць тыя, хто нават пальцам не паварушыць, каб дапамагчы тым, хто падвяргаецца пераследу. «Таксама ёсць тыя, хто хоча вас заблытаць у Евангеллі, якое абвяшчае Касцёл», — сказаў святар, звяртаючыся да моладзі. 
Кажучы пра тое, як Стэфан рэагуе на ворагаў, якія стаяць перад ім, мансеньёр Марынко Антолавіч звярнуў увагу на яго словы: «Пане Езу, прымі дух мой». Цікава, дадаў святар, што ў гэты момант Стэфан не скардзіцца Богу, не пытаецца: «Чаму Ты не абараняеш мяне?» «Пра гэта важна памятаць, бо верыць у Бога не азначае мець перакананне, што нічога злога з намі не здарыцца. Верыць у Бога — значыць сведчыць пра Яго ў добрыя і не вельмі добрыя часы нашага жыцця», — падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Нунцыятуры. «Успрымайце цяжкасці як нагоду вызнаць вашу веру», - заахвоціў святар маладых людзей. 
Таксама мансеньёр Марынко Антолавіч адзначыў, што апошняя фраза Стэфана ў гэтым чытанні — «Пане, не лічы ім граху гэтага!». «Ён падобна Езусу моліцца за тых, хто збіраецца забіць яго. Ён робіць тое, што можа зрабіць у гэты момант», — сказаў Часовы павераны.
«Набольш важна ў той сітуацыі, у якой вы апынецеся, рабіць тое, што магчыма для вас у вызнаванні вашай веры, — падкрэсліў святар, звяртаючыся да моладзі. — Кожны з нас можа апынуцца ў сітуацыі непрыязнага стаўлення людзей да нашай веры, і ў такіх абставінах важна вызнаваць сваю веру».

«Жывіце ў гэтым свеце сваёй хрысціянскай верай, бо ў гэтым свеце шмат сіл, якія кажуць: “Гэтага нельга рабіць” або “Вы да гэтага не здольныя”. Насуперак гэтаму жывіце верай. Ганарыцеся вашай верай, — заклікаў маладых людзей мансеньёр Марынко Антолавіч. — Бог любіць нас і ганарыцца намі. Таксама і вы ганарыцеся тым, што Бог вамі ганарыцца і вас любіць».
На завяршэнне Эўхарыстыі арганізатар Дыяцэзіяльных дзён моладзі кс. Антоні Грэмза падзякаваў мансеньёру Марынко Антолавічу за ўдзел у мерапрыемстве, дадаўшы, што гэта першы візіт мансеньёра ў Гродзенскую дыяцэзію, і ён распачаў гэты візіт сустрэчай з моладдзю дыяцэзіі.

Моладзь уручыла Часоваму паверанаму майку і значок удзельніка ДДМ і падзякавала яму гучнымі апладысментамі.
(JM), (AG) фота Максіма Хаванскага і Артура Капусты
|