Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Катэхеза для ўдзельнікаў Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі: Быць міласэрнымі магчыма і сёння?
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.05.2016 22:15

Адной з частак праграмы другога дня ХХІІІ Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, 8 мая, была катэхеза на тэму «Учынкі міласэрнасці для душы і цела».

Удзельнікі сустрэчы былі падзелены на 7 груп, кожная з якіх разважала над пэўнымі ўчынкамі міласэрнасці. Пасля былі прадстаўлены вынікі працы ў групах.


Першая група прадставіла сітуацыю ў горадзе, якая вучыць звяртаць увагу на людзей, якім патрэбна дапамога. Удзельнікі групы заклікалі не самому настаўляць грэшніка, а толькі прывесці яго да Бога.

Удзельнікі другой групы ў выглядзе невялікай сцэнкі даказалі, што шчасце можна знайсці ў Бібліі, бо гэтая Кніга – крыніца нашага жыцця.

Удзельнікі трэцяй групы разважалі над учынкамі «раіць тым, хто сумняецца», і «адзець нагіх». Як зрабілі яны выснову, кожны здольны даць параду чалавеку, які мае ў гэтым патрэбу.

Удзельнікі чацвёртай групы разважалі над такімі ўчынкамі міласэрнасці, як «суцяшаць засмучаных» і «прыняць у дом падарожных». Праз інсцэніроўку моладзь распавяла, што суцяшаць засмучанага – гэта азначае проста заўважыць яго, падысці і загаварыць. Прыняць у дом падарожнага, на думку ўдзельнікаў, азначае адкрыць сваё сэрца для бліжняга.

«Мы павінны наследаваць прыклад Езуса, які вучыць нас цярпліва зносіць усе знявагі», – разважалі ўдзельнікі пятай групы.

Моладзь з шостай групы разважала аб прабачэнні. Думаючы аб тым, ці цяжка прабачыць, удзельнікі заўважылі, што асноўная праблема, якая не дазваляе гэтага зрабіць, – асабістае «я». У кожным чалавеку жыве Езус, таму вельмі важна ўмець прабачыць іншаму, – такой была думка маладых людзей. Таксама яны заахвоцілі не толькі наведваць вязняў, але і дапамагаць ім.

Апошняя група разважала аб тым, што неабходна маліцца за жывых, і тым,  што малітва за памерлых з'яўляецца вельмі важнай у еднасці святых. Галоўная малітва за памерлых, як нагадала моладзь, – гэта святая Імша. «Спяшайцеся любіць, бо людзі так хутка адыходзяць», – так завяршыла прэзентацыю сваёй працы сёмая група.


Напрыканцы падвядзення вынікаў працы ў групах удзельнікі ДДМ адзначылі, што першы, хто дае прыклад, якім чынам выконваць учынкі міласэрнасці, – гэта Бог. У Святым Пісанні, як дадала моладзь, вельмі шмат урыўкаў, якія распавядаюць, як Бог клапоціцца аб тым, хто адчувае голад, прагне, засмучаны, перажывае адзіноту, хваробу…

У якасці падсумавання маладыя людзі рознымі крэатыўнымі спосабамі падкрэслілі, што недастаткова толькі ведаць, што кажа Святое Пісанне на тэму міласэрнасці, а варта і нават трэба жыць ім сёння.

«Кожны міласэрны ўчынак, зроблены намі, – гэта адзін крок бліжэй да неба», – падкрэсліла моладзь.


Хацелася б мець надзею, каб моладзь нашай краіны навучылася настаўляць грэшнікаў, адказна ставіцца да чужога граху, не дашуквацца зла там, дзе яго няма, а там, дзе яно ёсць, бачыць перш за ўсё чалавека. Каб моладзь не ішла за падманам усёдазволенасці сённяшняга свету, а мела адвагу сказаць, што грэх ёсць грэх, і каб кожнае настаўленне вынікала заўсёды з любові.

Анастасія Мішкура, (AG)
Фота Максіма Хаванскага i кс. Юрыя Марціновіча

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.