Біскуп Кашкевіч на заканчэнне ДДМ у Мастах: наша заданне — весці іншых да сустрэчы з Езусам Міласэрным |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
09.05.2016 17:18 |
9 мая ў Мастах завяршыліся ХХІІІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Кульмінацыяй трохдзённай сустрэчы стала ўрачыстая святая Імша ў касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Маладыя людзі з вялікім энтузіязмам віталі свайго пастыра, таксама выказваючы яму ўдзячнасць за кіраванне Гродзенскай дыяцэзіяй з моманту яе ўтварэння. Акрамя таго, моладзь павіншавала іерарха з нагоды набліжэння 25-годдзя біскупскага пасвячэння. У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў, што Езус жадае, «каб Яго вучні мелі сапраўдны супакой, і падкрэслівае, што толькі ў Ім гэты супакой можна знайсці». «Калі мы паглядзім уважліва на сучасны свет, з лёгкасцю заўважым, які ён нешчаслівы, як моцна патрэбны яму супакой, — адзначыў іерарх. — Нешчаслівыя таксама і грамадствы, якія не ведаюць войнаў, жывуць у дабрабыце, прагрэсе, цешацца найноўшымі дасягненнямі навукі і тэхнікі. У многіх багатых, добра развітых краінах статыстыка паказвае пастаянны рост лічбы самазабойстваў, дэпрэсіі, розных залежнасцяў». «Можна пытацца: ці такі свет — згублены, нешчаслівы, бунтуючы супраць Бога, глухі на Яго збаўчае Слова — мае яшчэ шанс збаўлення, ці для яго ёсць яшчэ якаясьці надзея?» — працягваў біскуп і дадаў, што адказ дае Езус у Евангеллі: «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33). Біскуп пажадаў моладзі адвагі веры і таго, каб гэтая вера, падтрыманая добрымі ўчынкамі, сведчаннем жыцця, міласэрнасцю да бліжніх, была «залогам перамогі, якую мы атрымліваем заўсёды, калі з’яднаны з Хрыстом». Удзельнікі сустрэчы, сагрэтыя промнямі веснавога сонца, якое свяціла ўсе тры дні гэтага мерапрыемства, вярнуліся дадому, каб сведчыць, што Бог міласэрны, багаты любоўю і ласкай, і каб весці іншых да сустрэчы з Езусам Міласэрным. Гэта задача для ўсіх вернікаў у Юбілейны Год Міласэрнасці, які трывае ў Паўсюдным Касцёле. Варта пажадаць, каб гэтыя тры дні, якія моладзь Гродзенскай дыяцэзіі правяла разам у Мастах, прынеслі ў яе жыцці плён і дапамаглі кожны дзень даваць бліжнім любоў і быць міласэрнымі да тых, хто ў патрэбе. |
Фотарэпартаж |