19 мая, у свята Пана нашага Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне падчас святой Імшы адбылася ўрачыстая інсталяцыя Гродзенскага капітула. У гэты дзень сваё служэнне распачалі канонікі капітула.
Урачыстую святую Імшу з удзелам святароў, манахінь, семінарыстаў і вялікай колькасці вернікаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што гэта вялікая падзея для ўсёй дыяцэзіі, паколькі ўпершыню з моманту яе заснавання быў скліканы катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра Каралевіча.
Біскуп дадаў, што Касцёл жадае выказаць удзячнасць тым святарам, якія паспрыялі ўзрастанню веры на нашых землях і прымалі дзейсны ўдзел у аднаўленні рэлігійнага жыцця і адбудовы святынь. 
Падчас Імшы былі ўстаноўлены восем грэміяльных і дзевяць ганаровых канонікаў.
Грэміяльныя канонікі: - Кс. Генрык Яблонскі (дэкан капітула)
- Кс. Ян Кучынскі (цырымонімайстр)
- Кс. Уладзімір Гуляй (тэолаг)
- Кс. Юзаф Бадзевіч (кусташ)
- Кс. Антоній Грэмза (сакратар)
- Кс. Цэзарый Міх (пэнітэнцыярый)
- Кс. Рычард Якубец
- Кс. Ян Пузына
Ганаровыя канонікі:
- Кс. Юзаф Ганьчыц
- Кс. Чэслаў Паўлюкевіч
- Кс. Ян Пяцюн
- Кс. Станіслаў Пацына
- Кс. Алег Дуль
- Кс. Аляксандр Сасноўскі
- Кс. Віктар Вялівіс
- Кс. Людвік Станiшэўскі
- Кс. Люцыян Радомскі
Прымаючы пасаду каноніка, кожны з гэтых святароў склаў прысягу і вызнанне веры. Прысяга была звязана з абяцаннем, якое складалі святары перад прэзбітэрскім пасвячэннем. Яна абавязвае канонікаў да шанавання свайго біскупа ардынарыя і паслухмянасці яму, а таксама да стараннага захавання статутаў капітула. Вызнанне веры нагадвала пра абавязак кожнага хрысціяніна даваць сведчанне веры, абавязак абароны добрага імя Касцёла, паглыблення праўдаў веры і жыцця паводле яе прынцыпаў.
Знешнім знакам прыняцця канонікам гэтай функцыі было атрыманне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча знакаў годнасці. Элементам абрадаў інсталяцыі капітула было таксама займанне канонікамі сваіх месцаў. 
На заканчэнне дэкан капітула кс. Генрык Яблонскі падзякаваў біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу і дапаможнаму біскупу Гродзенскай дыяцэзіі Юзафу Станеўскаму за давер, якімі яны адарылі канонікаў, надаючы ім гэтую годнасць. Святар адзначыў таксама, што гэтае ганаровае адрозненне трэба ўспрымаць як заданне, каб далей з яшчэ большым запалам служыць вернікам і даваць добры прыклад веры.
Капітул – гэта калегія святароў, задача якой – правядзенне найбольш урачыстых літургічных падзей у катэдральным або калегіяльным касцёле. Гэты інстытут, згодна са сваёй сутнасцю, увасабляе клопат Касцёла аб справе культу, падтрымлівае біскупскую адміністрацыю.
Катэдральны капітул у Гродне быў заснаваны са згоды Апостальскай Сталіцы ў 2012 годзе. Гродзенскі катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра быў заснаваны паводле норм кананічнага права і ўяўляе сабой калегію святароў, задача якой – правядзенне найбольш урачыстых літургічных падзей у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.
У сакавіку 2016 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў 17 канонікаў катэдральнага капітула ў Гродне. З увядзеннем у паслугу канонікаў Гродзенскі катэдральны капітул распачаў сваю працу.

Да асаблівых заданняў, даручаных капітулу біскупам Гродзенскім, адносіцца адказнасць за арганізацыю ў катэдральнай базыліцы канферэнцый, прысвечаных дакументам Папы і Апостальскай Сталіцы, паглыбленне культу Маці Божай і святога каралевіча Казіміра, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, і падтрымка біскупа Гродзенскага парадай, калі да капітула будзе скіравана адпаведная просьба.
Даведка: Інсталяцыя — тое ж, што і ўвядзенне, распачацце. Такім чынам, інсталяцыя капітула — пачатак працы капітула.
Кс. Юрый Марціновіч Фота Артура Вільнеўчыца i Максіма Хаванскага
|