Урачыстае прывітанне пробашча кс. Генрыха Яблонскага ў якасці каноніка адбылося ў забалацкай парафіі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
31.05.2016 12:08 |
29 мая парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі з нагоды ўрачыстага ўвядзення ў святыню грэміяльнага каноніка Гродзенскага катэдральнага капітула ксяндза Генрыха Яблонскага. На ўрачыстасць прыбылі таксама прадстаўнікі мясцовай улады, старшыні мясцовых сельскагаспадарчых кааператываў.
Падчас прывітання біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што забалацкая парафія шчодрая на святарскія пакліканні, у тым ліку на канонікаў, бо менавіта з яе паходзiць некаторыя святары, якія былі прызначаны канонікамі: кс. Ян Кучынскі і кс. Алег Дуль тут нарадзіліся, а былы пробашч кс. Ян Пецюн і цяперашні пробашч парафіі кс. Генрых Яблонскі дапамагаюць тут у пастырскім служэнні. У гаміліі біскуп заахвоціў вернікаў парафіі быць чулымі і міласэрнымі да бліжніх, глядзець адзін на аднаго як на брата і сястру. Іерарх заклікаў, каб кожны ішоў да збаўлення ў парафіяльнай супольнасці, каб у размове з іншымі людзьмі выкарыстоўваў словы Евангелля, бо гэта прабачэнне, дабрыня, любоў. Пасля Імшы біскуп Юзаф Станеўскі, сям’я пробашча, прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці, мясцовай улады і сельскагаспадарчых кааператываў павіншавалі ксяндза Генрыха Яблонскага з наданнем яму тытула каноніка. |
Фотарэпартаж |