Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я быў шчаслівы быць разам з дзецьмі»: валанцёры Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці ў Гродне дзеляцца ўражаннямі ад свята
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.06.2016 16:41

Больш за 100 валанцёраў і аніматараў прыняло ўдзел у арганізацыі VI Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Падрыхтоўка да гэтай падзеі, якую многія дзеці чакаюць на працягу года, распачалася месяц таму. Сёння сваімі ўражаннямі дзеляцца валанцёры і аніматары дыяцэзіяльнага свята для дзяцей.

Ганна Вaрабей на VI Дыяцэзіяльным дні дзіцяці была вядучай. Невыпадкова яна была ў касцюме анёла, бо, як прызнаецца сама дзяўчына, дзеці вельмі любяць анёлаў, таму што тыя нагадваюць дзецям пра існаванне Бога. 

«Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці — гэта тое месца, дзе дзеці сапраўды становяцца бліжэй да Бога. І немагчыма не заўважыць, што гэта свята з кожным годам прываблівае да сябе ўсё больш дзяцей, што дае нам больш сіл для таго, каб ладзіць яго для іх», — зазначае дзяўчына.

«У адзін дзень і ў адным месцы можна сумясціць і гульні, і забавы, і малітву, і размову з Богам! Было прыемна назіраць за тым, як дзеці з адкрытымі сэрцамі хвалілі Езуса, як шчыра ўсміхаліся, як дарылі дабро ўсім навокал!», — дадае Ганна.

На свяце дзяцей Гродзенскай дыяцэзіі акрамя анёлаў былі прысутныя і казачныя героі, якіх так любяць дзеці. Павел Дзюба (на фота другі справа), які ўжо чацвёрты раз дапамагае ў якасці аніматара на Дні дзіцяці, выступіў сёлета ў ролі Бабы Ягі. Аніматар прызнаецца, што цікаўнасць да героя з боку дзяцей была велізарнай.


«Як звычайна гэта свята пакінула ў мяне шмат эмоцый. Я быщ шчаслівы быць разам з дзецьмі і вучыць іх праводзяць час з Богам. Спадзяюся, з кожным годам дзеці будуць усё больш паглыбляцца ў сваёй веры і праз гады будуць ужо на маім месцы ў якасці аніматара на гэтым свяце дзяцей», — дадае Павел Дзюба.

Менавіта такія сустрэчы пазітыўна ўплываюць на развіццё дзяцей і іх духоўнае ўзрастанне, бо апрача забавы, ёсць таксама час на малітву і катэхезу.
Свята дзяцей традыцыйна наведалі і клоўны. Менавіта яны зарадзілі радасцю і эмоцыямі самых маленькіх і, здаецца, без іх свята не было б сапраўдным святам.

Віталій Алізаровіч, які быў адным з клоўнаў, прызнаецца, што асабіста яму вельмі спадабалася знаходзіцца тут з такім калектывам, з дзецьмі і з усімі прысутнымі на свяце. Ад імя ўсіх удзельнікаў хлопец дзякуе арганізатарам, спонсарам, святарам, валанцёрам, манахіням, апекунам, паварам і ўсім тым, хто прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні свята. 

«Дзеці, звяртаюся да Вас, мае дарагія. Не забывайцеся пра Бога, хадзіце ў касцёл, маліцеся зранку і ўвечары, дапамагайце адзін аднаму, не лянуйцеся рабіць добрыя ўчынкі. Няхай Бог дае Вам моцы ва ўсім. Здароўя, шчасця і ўсяго самага добрага», — гэтыя словы Віталій кіруе да ўсіх дзяцей.

Варта адзначыць, што валанцёрамі і аніматарамі сёлета былі ўжо і ўдзельнікі папярэдніх дзён дзіцяці. Калісьці яны самі бралі ўдзел у гэтай сустрэчы, а сёння хочуць самі несці радасць дзецям праз сваю паслугу.

«Не так даўно я і сам быў дзіцём, прымаючы ўдзел у гэтым свяце. Але час хутка ідзе, і мне ўжо захацелася ўнесці ў гэтае свята больш значны ўклад і быць ужо не проста ўдзельнікам», — дзеліцца сваім перажываннем, звязаным з Днём дзіцяці, Уладыслаў Кузікевіч.


«Маючы вопыт выступлення на сцэне, я вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі д’ябла. Было пакладзена шмат сілы, але ўсё гэта мяне духоўна ўзмацніла, даючы ўсведамленне таго, што я зрабіў штосьці добрае і карыснае», — дадае Уладыслаў.

Кожны з валанцёраў і аніматараў Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці меў вялікае жаданне, каб праведзены разам час быў скарыстаны з карысцю.

«Гэтае свята не павінна было скончыцца толькі радасцю, танцамі і песнямі. Было вельмі радасна бачыць, што ўсе дзеці маліліся ў касцёле. І я цалкам перакананы, што кожны завёз у свой дом не толькі падарункі і добры настрой, але і якімсьці чынам узмацніўся ў веры. Вельмі спадзяюся, што ў сваім безтурботным жыцці дзеці будуць прымаць толькі верныя рашэнні і жыць з Богам», — дадае юнак.

Усе валанцёры і аніматары ўдзячныя дзецям, якія 1 чэрвеня наведалі гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзякуючы ім за кожную ўсмешку і радасць.

Кс. Юрый Марціновіч, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.