Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кс. Ян Варанецкі і кс. Павел Скуба цэлебравалі прыміцыйныя Імшы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.06.2016 16:41

5 чэрвеня ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне адбылася прыміцыйная Імша ксяндза Яна Варанецкага, а ў касцёле Божага Цела і св. Юрыя ў Крамяніцы — прыміцыйная Імша ксяндза Паўла Скубы.

Ксёндз Ян Варанецкі і ксёндз Павел Скуба прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне 4 чэрвеня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Падчас прыміцыйнай Імшы кс. Яна Варанецкага гамілію прамовіў кс. Валерый Аброшка, у якой распавёў сабраным вернікам пра шлях новапрэзбітэра да святарства. Эўхарыстыю ўпрыгожыў спевам парафіяльны хор. Пасля Імшы адбылася сустрэча новапрэзбітэра з парафіяльнай супольнасцю і запрошанымі гасцямі, падчас якой спевам праслаўлялі Бога парафіяльны музычны гурт з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля і семінарысты разам з прэфектам.



Гамілію падчас прыміцыйнай Імшы кс. Паўла Скубы ў яго роднай крамяніцкай парафіі прамовіў дзядзька новапрэзбітэра кс. Юрый Кузьміч — пробашч парафіі ў Новым Двары. «Святарства — гэта дар, які вучыць бачыць у кожным чалавеку дзіця Бога, за якое Ён праліў сваю кроў, — адзначыў кс. Юрый Кузьміч. — Сярод нас шмат нянавісці, сусвет напоўнены злосцю, і ва ўсім гэтым святарства вучыць бачыць параненую людскую душу, якая крычыць і просіць дапамогі».

Ксёндз Юрый Кузьміч пажадаў новапрэзбітэру штодзённа глыбей адкрываць дар свайго святарства, бачыць у ім асаблівую службу і сапраўдную дарогу шчасця.

Пасля гаміліі родныя кс. Паўла Скубы прайшлі працэсіяй з дарамі да алтара.



На заканчэнне новапрэзбітэр удзяліў прысутным благаслаўленне i папрасіў аб малітоўнай падтрымцы ў святарскім служэнні. Пасля прайшла сустрэча кс. Паўла Скубы з парафіяльнай супольнасцю і запрошанымі гасцямі. Павіншаваць маладога святара прыбыло духавенства, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, яго родныя, сябры і аднавяскоўцы.

Паводле grodnensis.by

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.