Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пяць навучэнцaў семінарыі ў Гродне атрымалі духоўную вопратку
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.10.2016 15:21

8 кастрычніка ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша, падчас якой пяць навучэнцaў трэцяга курса атрымалі духоўны строй — сутану. Гэтай Імшой распачаўся новы 2016/2017 навучальны год у семінарыі.

Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй прынялі ўдзел дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі семінарыі на чале з яе рэктарам кс. др. Раманам Рачко і семінарысты. Першакурснікаў, якія распачынаюць фармацыю — у гэтым годзе іх чацвёра — і трэцякурснікаў, якія ў гэты дзень атрымлівалі духоўную вопратку, падтрымалі сваёй прысутнасцю бацькі, родныя, сябры і знаёмыя.

У гаміліі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі заахвоціў семінарыстаў, якія распачынаюць чарговы год фармацыі, будаваць сваё жыццё ў абсалютным даверы да Бога. «Будуйце на Хрысце і з Хрыстом. Будуйце з Тым, хто заўсёды застаецца верным, нават калі мы не захоўваем Яму вернасць», — адзначыў іерарх.

Біскуп перасцярог семінарыстаў перад тым, што, «будуючы дом жыцця» можна спаткаць шмат непрыязных людзей, якія будуць пагарджаць фундаментам веры, і заклікаў не хвалявацца з-за гэтага. «Памятайце, што трываласць дома залежыць ад фундамента, а трываласць у пакліканні — ад штодзённай размовы з Богам. Не бойцеся падчас малітвы размаўляць пра пакліканне з Тым, хто Вас паклікаў, і дзяліцца цяжкасцямі рэалізацыі свайго рашэння з духоўным кіраўніком», — сказаў іерарх.

Акрамя таго, біскуп заклікаў семінарыстаў «ціха і пакорна служыць семінарынай сям'і, выконваючы давераныя абавязкі, а таксама адкрыць у сабе новыя здольнасці i адважыцца на шматлікія намаганні».



Падчас Імшы духоўную вопратку атрымалі семінарысты Яўген Абрамаў, Казімір Байгот, Андрэй Струкель, Аляксей Шарыпаў і Яўген Амасёнак. Абрад благаслаўлення сутан і апрананне іх семінарыстамі — чарговы крок на шляху семінарыйнай фармацыі. Гэты крок бачным спосабам набліжае семінарыста да Хрыстовага святарства.

На заканчэнне Эўхарыстыі трэцякурснікі выказалі падзяку Богу за ласку апрануць духоўны строй, а ўсім тым, хто паспрыяў іх фармацыі і падрыхтоўцы да гэтай урачыстай падзеі, паабяцалі сваю ўдзячнасць, якая будзе выражацца ў штодзённай малітве.

«Зашпільваючы апошні гузік сутаны, мы паабяцалі з яшчэ большай адданасцю ўзаемадзейнічаць з ласкай паклікання і кожны дзень змяняць нашыя сэрцы, каб ісці дарогай святасці», — адзначыў ад імя навучэнцаў трэцяга курса семінарыст Яўген Амасёнак.



Сутана — штодзённая вопратка святара, якая дапамагае адрозніваць яго сярод іншых людзей. Яна выяўляе таксама імкненне следаваць за Хрыстом, які прагне мець святых, адданых Касцёлу, працавітых і сумленных святароў.

Яўген Амасёнак, навучэнец ІІІ курса ВДС у Гродне
grodnensis.by,
(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.