Пастырскае Пасланне арцыбіскупа Кандрусевіча з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі |
Іерархі |
03.04.2011 06:00 |
«Te Deum» Касцёла ў Беларусі Тэкст паслання на польскай мове >>> Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1. Паводле навучання Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл — гэта Божы народ, устаноўлены Хрыстом для супольнасці жыцця, любові і праўды, які выкарыстоўваецца Ім як інструмент збаўлення ўсіх і пасланы да ўсяго свету як святло свету і соль зямлі (пар. Мц 5, 13–16) (пар. LG 9). Народ Божы — гэта супольнасць верных у Хрысце незалежна ад іх нацыянальнай ці культурнай прыналежнасці. Таму Касцёл не звязаны з канкрэтнай тэрыторыяй ці нейкім народам. Ён будуецца па прынцыпу прыналежнасці асобных людзей да касцёльнай супольнасці. Аднак, у той жа час, гэты персанальны прынцып будовы Касцёла ў яго арганізацыйным вымярэнні патрабуе прымянення тэрытарыяльнага крытэрыя, дзякуючы якому можна ўстанавіць межы служэння ў асобных частках Божага народу. Кодэкс Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла гэту асноўную форму існавання Касцёла называе мясцовым Касцёлам ці дыяцэзіяй (пар. ККП, кан 368; LG 23). Дыяцэзія — гэта частка Божага народу, даручаная пастырскай апецы біскупа ў супрацоўніцтве з прэзбітэрыем (пар. ККП, кан 369). З мэтай больш паспяховай рэалізацыі пастырскай дзейнасці некалькіх суседніх дыяцэзій устанаўліваюцца касцёльныя правінцыі ці мітраполіі (пар. ККП, кан 431). Існаванне дыяцэзій і мітраполій з’яўляецца знакам існавання неабходных структур Каталіцкага Касцёла ў той ці іншай краіне. 2. Сёння сваімі думкамі мы пераносімся да падзеяў 20-гадовай даўнасці. У 1989 г., пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў на Касцёл, Ян Павел II прызначыў першага біскупа ў якасці Апостальскага Адміністратара для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, якім выпала павага стаць мне. Затым наступіў памятны дзень 13 красавіка 1991 г. Добра памятаю, тады быў вельмі цёплы сонечны вясенні дзень, калі прырода ажывала пасля зімы. З волі Божай і паводле своечасовага рашэння Слугі Божага Яна Паўла II у Беларусі была ўстаноўлена Мінска-Магілёўская мітраполія, у склад якой увайшлі новаарганізаваныя і адроджаныя касцёльныя структуры: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія — у межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Гродзенская дыяцэзія — у межах Гродзенскай вобласці і Пінская дыяцэзія — у межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Адначасова былі прызначаны біскупы гэтых іерархічных структур. Пробашч Пінскай катэдры імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк стаў першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, а пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні ксёндз Аляксандр Кашкевіч — першым Гродзенскім біскупам. У той жа дзень папа Ян Павел II устанавіў іерархічныя структуры ў Расіі і Сярэдняй Азіі. У Расіі былі заснаваны апостальскія адміністратуры для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай і азіяцкай частак Расіі з цэнтрамі ў Маскве і Навасібірску. У Сярэдняй Азіі — апостальская адміністратура для католікаў лацінскага абраду з цэнтрам у Карагандзе. Усе гэтыя структуры ўзначалілі новапрызначаныя Святым Айцом адпаведныя біскупы, у тым ліку і я як арцыбіскуп у Маскве. Устанаўленне касцёльных структур на Усходзе было яскравым знакам Божай міласэрнасці, аб чым асабліва трэба памятаць у гэтым годзе, які прысвечаны Божай міласэрнасці. 3. Такім чынам, дзень фацімскіх аб’яўленняў 13 красавіка 1991 г. стаў асаблівым днём у адраджэнні духоўнага жыцця на Усходзе. Падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме ў 1917 г., калі атэістычны рэжым імкнуўся на Усход, Марыя заклікала да малітвы і навяртання (такою была ўмова, каб пазбегнуць пераследу веры). Яна таксама прадказала развіццё свету, асабліва Усходняй Еўропы ў ХХ стагоддзі, пераслед веры і яе адраджэнне. Восенню 1991 г. мне выпала вялікае шчасце першы раз сустрэцца з сястрой кармэлітанкай Люцыяй. Яна была адной з трох дзяцей, якім у 1917 г. аб’яўлялася Марыя ў Фаціме. Дарэчы, мне давялося сустрэцца з ёй аж тры разы. Тады, першы раз, калі я прадставіўся і сказаў, што прыехаў з групай пілігрымаў з Масквы, яна спачатку не магла паверыць. Аж два разы спыталася, ці гэта праўда, а потым усклікнула: усё гэта азначае, што прароцтва Марыі пачынае збывацца. Сапраўды, дзякуючы мужнаму рашэнню і адвазе Яна Паўла II, яно пачало збывацца. Яшчэ быў Савецкі Саюз, аднак яго існаванне ўжо было на схіле. Зусім незадоўга пасля гэтага ён распаўся на 15 незалежных дзяржаў. Сярод іх была і Беларусь. 4. Пасля трох пакаленняў ганенняў вернікі, нарэшце, атрымалі рэлігійную свабоду, якая па сваёй сутнасці з’яўляецца крыніцай і сінтэзам усіх правоў чалавека, — як чытаем у Кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёла (пар. КСУЦ 155). Што такое тры пакаленні? Гэта, кажучы на біблейскай мове, як быццам тры дні, бо ў Бога невядома, як доўга працягваецца дзень. І тут мы заўважаем прыгожую паралель. Як Хрыстус уваскрос на трэці дзень пасля сваёй смерці (падобна змучаны і знясілены амаль да смерці), так Касцёл пасля трох пакаленняў — гэтых трох Божых дзён — пачаў уваскрашаць. У 1999 г. да згаданых вышэй структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі далучылася новаўтвораная Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобласці) і прызначаны яе першы біскуп — пробашч магілёўскай катэдры кс. Уладзіслаў Блін. Тэрыторыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі засталася ў межах Мінскай і Магілёўскай абласцей. Таксама ў 1998–1999 гг. у Касцёле ў Беларусі былі прызначаны дапаможныя біскупы: кс. Антоні Дзям’янка, кс. Казімір Велікаселец і кс. Кірыл Клімовіч. 5. Адзначаючы 20-годдзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, урачыстае святкаванне чаго адбудзецца 19 чэрвеня 2011 г., мы павінны яшчэ раз падзякаваць Богу за тое, што падчас ганенняў Ён пасылаў нам сапраўды святых, руплівых і адданых справе служэння Касцёлу святароў. Іх было мала. Ім было вельмі цяжка. Трэба было супрацьстаяць палітыцы ваяўнічага атэізму, які нашу зямлю з яе шматвекавой багатай і адначасова трагічнай гісторыяй хрысціянства імкнуўся ператварыць у духоўную пустыню. Трэба было выконваць святарскія абавязкі і катэхізаваць дзяцей і моладзь у абставінах суровага абмежавання свабоды веравызнання. Колькасць жа святароў і касцёлаў з кожным годам усё змяншалася. Не было і неабходнай рэлігійнай літаратуры. Сёння мы павінны дзякаваць Богу за нашых бацькоў і дзядоў, якія ў вельмі складаных абставінах, калі веруючага лічылі чалавекам другой катэгорыі, змаглі не толькі захаваць веру, але і перадаць яе маладым пакаленням. Вучылі як маглі, без філасофскай і тэалагічнай мудрасці. Вучылі асноўным малітвам і катэхізісу. А самае галоўнае, чаго сёння вельмі не хапае, давалі хрысціянскую фармацыю дзецям і моладзі прыкладам уласнай малітвы, захоўвання Божага закону і касцёльнага права, а таксама жыццём паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Святары, бацькі і дзяды нярэдка чынілі гэта ўсё патаемна, падвяргаючыся вялікім цяжкасцям і нават пераследу. Сёння мы схіляем перад імі свае галовы. Для жывых просім Божага благаслаўлення, а для памерлых — вечнага адпачынку. 6. Дзень 13 красавіка 1991 г. прыпадаў на велікодны перыяд. У гэтым годзе мы ўжо зусім хутка будзем святкаваць Вялікдзень. 20 гадоў таму гэты дзень для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне стаў новай Пасхай. І гэтая Пасха павінна працягвацца. Нельга жыць толькі гісторыяй. З яе трэба вучыцца і на ёй трэба будаваць. А будаваць ёсць што. Жыццё не стаіць на месцы і разам з ім прыходзяць усё новыя і новыя выклікі. Даводзіцца вырашаць праблемы, аб якіх яшчэ зусім нядаўна мы нават і не чулі. Большасць з іх унесена ў нашае жыццё нарастаючым секулярызмам і лібералізмам. Усё больш і больш веруючых паволі і незаўважальна акцэптуе свецкі стыль жыцця, у якім усё менш і менш месца застаецца Богу. Адным з асноўных крытэрыяў поспеху сучаснага чалавека з’яўляецца ўменне весці бізнес і зарабляць грошы, каб потым іх траціць і шукаць прыемнасцяў. Мы ганарымся тым, што ў тым ці іншым месцы пабудавалі супермаркет або нават гіпермаркет. Там можна ўсё набыць і нават танней. Але не толькі. Там можна правесці цэлы дзень з усёй сям’ёй. І многія сем’і, нават сярод веруючых, так чыняць, асабліва ў выхадныя. А потым кажуць, што не было часу ў нядзелю быць у касцёле на св. Імшы, завесці дзяцей на катэхізацыю, памаліцца і паразмаўляць з імі. У наш час мы становімся сведкамі спіхвання рэлігіі на перыферыю жыцця. Мас-медыя, тэлебачанне, радыё, кіно, газеты, часопісы, Інтэрнэт, стадыёны, казіно, рэклама — усё гэта і многае іншае ўстойліва і назойліва прапануе далёкі ад евангельскіх каштоўнасцяў жыццёвы шлях і фарміруе зусім іншы свецкі вобраз жыцця чалавека. Усё часцей можна пачуць, што рэлігія — гэта выключна прыватная справа чалавека. У многіх краінах з векавымі хрысціянскімі традыцыямі, развітай дэмакратыяй і талерантнасцю забараняюцца крыжы, як знакі хрысціянства. Замест традыцыйнай сям’і, як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, прапануюцца гомасексуальныя саюзы і нават з правам усынаўлення дзяцей. Нормай жыцця становяцца разводы. Павелічэнне колькасці абортаў і эгаізм, які выражаецца ў нежаданні мець дзяцей, становяцца адной з галоўных прычын дэмаграфічнага крызісу. За мінулы год насельніцтва Беларусі зменшылася на 19 тысяч — на цэлы раённы горад (пар. http://news.tut.by/society/213333.html). Вельмі хутка расце колькасць самотных маці. Наркаманія стала часткай сучаснага жыцця, а маральная разбэшчанасць — яго нормай. А з якімі праблемамі павінна змагацца моладзь, якая хоча быць шчаслівай і шукае шчасця? Дзе шукае адказы на хвалюючыя яе пытанні? Накіроўваючы свой позірк толькі на саміх сябе; абагаўляючы спажывальніцтва; ступаючы на шлях маральнай усёдазволенасці, эгаізму, рэлігійнай абыякавасці і рэлятывізму; у віртуальным жыцці, сексе, які становіцца таварам, парнаграфіі, насіллі, навучанні фальшывых прарокаў, якіх поўна ў розных сектах, акультызме, магіі і г.д. Плады такога маральна хворага жыцця, замест таго, каб быць салодкімі, хутка становяцца горкімі і вядуць да расчаравання. Шчасце, якое здавалася такім блізкім, становіцца ілюзіяй. 7. Такі стыль жыцця і пошук шчасця вельмі часта чыніцца ў імя асабістай свабоды чалавека, які не прымае абсалютнай ісціны, а ў этычным жыцці ўсё лічыць адносным. Імкненне да свабоды знаходзіцца ў прыродзе самога чалавека. Аднак свабода павінна быць адказнай, як яшчэ ў 1993 г. казаў Слуга Божы Ян Павел II, выступаючы перад моладдзю ў Каўнасе (пар. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/speeches/1993/september/documents/hf_jp-ii_spe_19930906_giovani-lituania_it.html). З маральнага пункту гледжання не можа быць мовы пра абсалютную свабоду, бо тады будзе свабода ад Бога і Яго закону, а не свабода дзяцей Божых. Усе мы знаходзімся ў пілігрымцы да нябеснага Ерузалема. На нашым жыццёвым шляху Бог паставіў знакі, якія адно дазваляюць, а іншае забараняюць. Забараняюць не для таго, каб абмежаваць нашу свабоду, а каб бяспечна весці да мэты нашага жыцця. Касцёл вучыць, што свабода не можа быць бязмежнай, яна павінна затрымацца перад «дрэвам пазнання дабра і зла», бо яна паклікана прыняць маральны закон, які чалавеку дае Бог (пар. КСУЦ 136). Таму ў этычным сэнсе свабода заўсёды мае свае межы, якіх нельга пераступіць, бо гэта вядзе да маральнай катастрофы, сведкамі чаго мы з’яўляемся ў наш час. Аб абсалютнай свабодзе можна казаць толькі ў значэнні слоў св. Аўгустына: любі і чыні ўсё, што хочаш. Любі — гэта значыць жыві паводле Божага закону або любі Бога і бліжняга. 8. Дарагія браты і сёстры! 20 гадоў адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — невялікі прамежак часу ў гісторыі. Аднак, з іншага боку, чалавек у 20-гадовым узросце ўжо павінен, або вельмі хутка будзе павінен, прымаць адказныя рашэнні. Напэўна, нельга рабіць абсалютнай паралелі паміж фізічным і духоўным жыццём. Аднак у той жа час нельга казаць, што мы ўсё яшчэ не дараслі да вырашэння праблем нашага рэлігійнага і касцёльнага жыцця і адказу на выклікі часу. Касцёльныя структуры засноўваюцца і існуюць не для іх самаіснавання, але для ажыццяўлення пастырскай дзейнасці. Напэўна, яшчэ трэба многа зрабіць у гэтым кірунку і ўдасканальвацца, бо дасканалы толькі Бог. Аднак, з іншага боку, трэба належным чынам выкарыстоўваць наяўныя магчымасці, каб мы так лёгка не паддаваліся секулярным і лібералістычным тэндэнцыям, плылі не па цячэнню, але супраць яго. Толькі тады мы будзем узрастаць у духоўным плане і ісці шляхам духоўнага ўваскрасення, да якога нас вядуць адроджаныя 20 гадоў таму касцёльныя структуры ў нашай Айчыне. Сёння, спяваючы гімн «Te Deum» («Цябе, Бога, праслаўляем») за адраджэнне Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне, звяртаюся да вас, браты і сёстры, словамі Яна Паўла II, які 1 мая гэтага года будзе беатыфікаваны: Не бойцеся! Не бойцеся цяжкасцяў і небяспечных выклікаў нашага часу! Адчыніце дзверы Хрысту, адчыніце і дазвольце Яму гаварыць. Толькі Ён ведае чалавека да рэшты і толькі ў Ім чалавек можа пазнаць самога сябе (пар.http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1978/documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato_it.html). Не бойцеся, бо Хрыстус нічога не забірае, а толькі дае, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/documents/hf_ben-xvi_hom_20050424_inizio-pontificato_it.html). На гэты шлях, даручаючы ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай і св. арханёлу Міхалу — нябесным заступнікам Беларусі і Мінска-Магілёўскай мітраполіі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мінск, 3 красавіка 2011 г.
|