Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2012 г.
Іерархі
25.11.2012 10:56

тэкст Пастырскага паслання на польскай мове тут>>>

Адвэнт нашай веры

Набліжаецца адкупленне вашае (Лк 21, 28)
 

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі!

1. Гэтыя словы Евангелля вельмі добра перадаюць атмасферу сённяшняга дня, калі мы распачынаем новы літургічны год і адначасова новы, першы яго перыяд — Адвэнт.

Слова «Адвэнт» у старажытнасці азначала прыбыццё знакамітай асобы, напрыклад цэзара або караля, да нейкай правінцыі. Яно таксама магло азначаць і прыбыццё боства, якое выходзіць з укрыцця і з моцай праяўляе сваю прысутнасць, асабліва ў кульце.

Хрысціяне перанялі гэтае слова для таго, каб выказаць свае адносіны да Хрыста, як караля, які прыбыў да беднай правінцыі па імені Зямля, даючы ім магчымасць радавацца Яго прыйсцю. Менавіта Яго прысутнасць хрысціяне дзякуючы веры адзначаюць у літургіі. Гэтым словам хрысціяне сцвярджаюць, што Бог ёсць з намі і Ён не пакінуў нас адных.

Урэшце слова «Адвэнт» можа азначаць таксама і будучую падзею. Яно адначасова выражае як сучаснасць, так і будучыню; тое, што існуе цяпер, і тое, што будзе; тое, што мы ў гэты час маем, і тое, чаго чакаем.
 
Таму ў Адвэнце мінулае, сучаснасць і будучыня таямнічым чынам пераплятаюцца. Уцелаўленне Божага Сына адбылося ў мінулым, больш за 2000 гадоў таму. Аднак яно працягваецца і ў наш час праз служэнне Касцёла. Мы ведаем, што Хрыстус прыйдзе судзіць жывых і памерлых у будучыні, аднак ужо сёння Ён знаходзіцца ў стадыі гэтага прыйсця.

Аб гэтым нам вельмі добра нагадвае літургія Адвэнту, якая яднае мінулае, сучаснасць і будучыню. У Адвэнт мы ўспамінаем мінулае — час чакання Збаўцы. Перажывем сучаснасць — час збаўлення, якое адбываецца праз Езуса. Чакаем будучага перамянення свету ў канцы часоў, калі ўпоўні пазнаем таямніцу нашага збаўлення.

2. Дзякуючы ажыццяўленню збаўчага Божага плану ў Хрысце, час стаўся тым, чым ён павінен быць на самой справе. Гэта больш не паслядоўная змена падзеяў. Дзякуючы Хрысту час стаўся збаўленнем. У ім аб’ядналіся мінулае, сучаснасць, у якой мы жывём, і будучыня, якую чакаем. Мы перажываем Адвэнт уцелаўлёнага Бога, якім ёсць той самы ўчора, сёння і ва ўсе часы Хрыстус (пар. Гбр 13, 8) і ад якога не могуць адлучыць веруючых у Яго і з’яднаных з Ім у любові ні сённяшнія, ні будучыя справы (пар. Рым 8, 38-39).  

3. У Год веры, які сёлета адзначаецца ў Касцёле, зыходзячы з гэтых разважанняў пра час як збаўленне ў Хрысце, мы павінны спыніцца на тым, чым з’яўляецца Адвэнт нашай веры.  
      
З аднаго боку, наша вера вельмі часта з’яўляецца аднабаковай. Мы разглядаем яе як нейкі спіс канкрэтных фактаў, якія мы павінны прымаць за праўду. У той жа час гэтыя факты праз веру павінны быць рэальнасцю нашага жыцця. Вера вядзе нас у цэнтр гэтых падзей, нават калі яны адбыліся даўно ў гісторыі, — як кажа вялікі тэолаг сучаснасці Карл Ранэр (пар. GChY, s. 4).

Дзякуючы веры, выслужанае Хрыстом збаўленне знаходзіцца ў самім веруючым. Тое, што мела месца ў мінулым, становіцца сучаснасцю жыцця верніка, бо ў ім праз веру дзеяннем Духа Святога жыве Хрыстус. Больш за тое, Дух Святы перамяняе веруючага, яго абагаўляе і чыніць больш падобным да Хрыста. Дзякуючы гэтаму Хрыстус становіцца прысутным у верніку не толькі як яго сучаснасць, але і як яго будучыня. Тое, што калісьці пры другім прыйсці Хрыста завершыць нашае ўдасканаленне, дзякуючы веры ужо распачалося. Праз веру вернік ужо на зямлі мае сваю будучыню, бо ёю ёсць Хрыстус.

4. Таму нам неабходна заўсёды быць людзьмі веры і асабліва моцна гэта падкрэсліць у Адвэнт. Гэты літургічны перыяд заклікае нас да ажыўлення веры.

У нашым клімаце Адвэнт — гэта час, калі звычайна распачынаецца зіма і прырода замірае. Аднак вера ў тое, што настане вясна і прыйдзе лета, якія прынясуць новае развіццё, дае нам новую надзею.

Падобна і ў духоўным жыцці. Адвэнт — гэта час, калі трэба перамагчы меланхолію часу. Гэта таксама перыяд, каб праз прызму веры паглядзець на сваё жыццё, у якое, дзякуючы таямніцы ўцелаўлення, увайшоў Бог. Дзякуючы веры, у бясконцым прыйсці і адыходзе часу смерць не існуе, а ёсць вечнае жыццё. Таму ў нязменным і існуючым у прыродзе цыкле нараджэння і біялагічнай смерці чалавека нам застаецца толькі верыць у прыйсце ў нашае жыццё Бога, які вядзе ў вечнасць. У гэтым павінна заключацца радасць Адвэнту, які будзе працягвацца праз усё жыццё, пакуль мы не пачуем Божых словаў: «Слуга верны, увайдзі ў радасць свайго Пана» (пар. Мц 25, 21).

5. Радасць Адвэнту і наступаючых пасля яго святаў Божага Нараджэння засмучае факт духоўнай хваробы сучаснага свету і адыходу ад веры, дзякуючы якой Хрыстус прысутны ў нас. Таму гэты час, які аб’ядноўвае мінулае, сучаснасць і будучыню, павінен стаць таксама і часам лячэння з гэтай хваробы. Хрыстус жадае ўвайсці ў нашае жыццё і схіліцца над намі, каб нас вылечыць. У перспектыве Года веры, які распачаўся 11 кастрычніка 2012 г., сёлетні Адвэнт павінен стаць заахвочваннем да новага  аўтэнтычнага навяртання да Пана, адзінага Збавіцеля свету, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI (пар. PF 6).

Сучасны чалавек не мае часу для Бога і душы, ён займаецца сваімі зямнымі справамі, не хоча нават думаць пра самога сябе, бо не ведае, што з сабой зрабіць. Чалавек патанае ў сваёй працы, грамадскай дзейнасці, прыемнасцях, становіцца маленькай шасцярнёй у вялікай машыне сучаснага свету і не мае часу для сябе. Таму нашае духоўнае жыццё становіцца ўсё больш занядбаным.

Адвэнт з’яўляецца менавіта такім часам, калі Бог імкнецца нас вырваць з мітусні сучаснай цывілізацыі, каб мы маглі задумацца над сваім жыццём і спытаць сябе, ці сапраўды Хрыстус жыве ў нас.

На самой справе, у гэты час Бог чакае нас. У сувязі з гэтым ці не нам адрасавана евангельская прыпавесць аб вінаграднай лазе і галінцы? Бог ачышчае галінку, якая прыносіць плён, каб гэты плён быў яшчэ багацейшы (пар. Ян 15, 2).

Таму Адвэнт павінен стаць такім часам нашага ачышчэння. Для гэтага неабходна дазволіць Богу праз рэкалекцыі, споведзь, вывучэнне Святога Пісання, Катэхізісу і навучання Касцёла, асабліва дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, і добрыя ўчынкі ачысціць нас, каб мы прыносілі добры плён. Гэта азначае, каб мы вялі годнае хрысціяніна жыццё, каб у нашых сэрцах заўсёды быў Хрыстус, каб мы адчувалі адказнасць за маральны стан грамадства. Час Адвэнту — як час, у якім сустракаюцца мінулае, сучаснасць і будучыня, — павінен стаць часам адкрыцця на дзеянне Бога, Яго прысутнасць у нас і на адшуканне саміх сябе.

У гэты час варта паглядзець і прааналізаваць штодзённыя падзеі, каб убачыць у іх Божыя знакі, асабліва знакі Яго любові і міласэрнасці. Бог ёсць сярод нас. Гэтая хрысціянская ўпэўненасць павінна нам дапамагчы ў іншым позірку на свет і перажыванні «Божых адведзінаў», каб Бог сваёй ласкай нарадзіўся ў нас.

6. Адвэнтовае чаканне, якое з’яўляецца фундаментальным элементам гэтага літургічнага перыяду, адначасова ёсць надзеяй.

Адвэнт уяўляе сабой хрысціянскае разуменне часу і гісторыі. Па сваёй сутнасці чалавек з’яўляецца кімсьці, хто няспынна чакае. Будучы дзіцём, ён хоча быць дарослым. Калі вырасце, імкнецца зрабіць кар’еру. Далей чакае адпачынку. А потым прыходзіць час, калі ён нечакана для сябе адкрывае, што справы і падзеі, якіх ён чакаў усё жыццё, насамрэч былі вельмі малымі, бо не закраналі вечнасці.

Жыццёвы досвед таксама паказвае, што калі наш час не напоўнены сэнсоўнай сучаснасцю, то чаканне становіцца нязносным. Калі мы павінны чагосьці чакаць, у той час як сучаснасць застаецца пустой, то кожная хвіліна чакання становіцца вельмі доўгай.

З іншага боку, калі сам час з’яўляецца сэнсоўным, калі ў кожным яго моманце крыецца нешта важнае і каштоўнае, то наступае радасць ад чакання. Адвэнт павіннен стаць такой формай чакання. Божыя дары не з’яўляюцца выключна чымсьці будучым. Яны ўключаюць таксама і сучаснасць. Езус ёсць з намі, і мы можам заўсёды звярнуцца да Яго, бо Ён заўсёды слухае. А калі Ён ёсць з намі і ў нас, то не існуе бессэнсоўнага часу. Тады кожная яго хвіліна мае свой сэнс, і заўсёды можна мець надзею. Хрысціянская надзея, памножаная на моцную веру, не пазбаўляе часу яго каштоўнасці, а наадварот — кожнай хвіліне жыцця дае новую каштоўнасць. Усё гэта азначае, што мы павінны напоўніць сучаснасць адпаведным зместам, бо ўсё прынятае ўнутрана будзе трываць вечна.

7. Адвэнт не з’яўляецца толькі адзінствам мінулага, сучаснасці і чаканнем вечнага, але таксама ёсць часам радасці, найперш духоўнай. Мы гэта лепей разумеем, калі звяртаем увагу на адвэнтовыя звычаі і традыцыі. Трэба падкрэсліць, што яны маюць свае карані ў Святым Пісанні і тым ці іншым чынам выяўляюць праўду чакання нараджэння Збаўцы. Такім чынам, змест Святога Пісання адлюстроўваецца ў тым, што бачнае.

Гэта найперш свечка, як сімвал Хрыста, якая звычайна запальваецца перад алтаром кожную нядзелю Адвэнту. А з кожнай наступнай нядзеляй запаленых свечак становіцца ўсё больш, што нагадвае пра хуткае завяршэнне Адвэнту і прыйсце Пана.

Далей традыцыйныя рараты, калі вернікі з запаленымі свечкамі  раніцай збіраюцца на святую Імшу ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, з якой нарадзіўся Збаўца. Гэтыя ззяючыя ў неасветленым касцёле свечкі вельмі сімвалічныя. Яны нагадваюць пра тое, што хутка ўзыдзе сонца — Езус Хрыстус, — якое ніколі не заходзіць.

У многіх касцёлах таксама як элемент адвэнтовых дэкарацый знаходзіцца лесвіца, па якой па меры часу зверху ўніз спускаецца фігурка Немаўляці Езуса. Гэта бачны сімвал прыйсця Збаўцы з неба на зямлю.

Асаблівае месца займае падрыхтоўка ёлкі, як вечна зялёнага дрэва. Гэта сімвал вечна жывога Хрыста. У нашы дамы і сем’і прыходзіць Езус. Звычайна госць прыходзіць з падарункамі. Таму пад ёлку кладуць падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці. У гэтым звычаі мы наследуем Бога, які ў дары даў нам самога сябе і гэтым самым адарыў нас вечным жыццём.
 
І, нарэшце, кульмінацыя адвэнтовага чакання — вігілія Нараджэння Пана, калі ўся сям’я збіраецца разам, каб, памаліўшыся, прачытаўшы фрагмент Евангелля аб Нараджэнні Езуса (пар. Лк 2, 1-20), падзяліцца аплаткай, сімвалам еднасці паміж сабой і Хрыстом, і спяваць калядкі. Пасля вячэры вернікі спяшаюцца на святую Імшу, каб разважаць над таямніцай уцелаўлення, калі адвечны Бог у часе стаў чалавекам для нас і для нашага збаўлення. Ён прыйшоў у вобразе Немаўляці. Нараджэнне дзіцяці нясе радасць яго бацькам і ўсёй грамадскасці. Таму нашая радасць павінна быць яшчэ большай, бо Божае Дзіця заахвочвае нас да даверу і дае новую надзею.  

Сярод цяжкасцяў штодзённага жыцця і асабліва духоўных праблем сучаснага чалавека, яго адыходу ад Бога і нават бунту супраць Яго нялёгка адкрыцца на радасць чакання і прыйсця на гэты свет Сына Божага. Але знак надзеі, якім ёсць Немаўля, скіраваны да нас.

8. На сцэне Адвэнту знаходзіцца святы Ян Хрысціцель, які заклікае да падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу. Для гэтага не дастаткова толькі ўпрыгожыць ёлку, купіць падарункі і запрасіць гасцей, але неабходна перамяніцца духоўна. Народныя звычаі і традыцыі павінны спрыяць гэтай перамене, якая наступае ў сакрамэнце пакаяння і ўмацоўваецца малітвай і добрымі ўчынкамі.

Святы Ян Хрысціцель называе сябе голасам таго, хто кліча ў пустыні (пар. Мк 1, 3). Сучасны свет у духоўным сэнсе вельмі моцна падобны да пустыні, бо так шмат людзей жыве так, як быццам Бога няма. Так шмат хрысціян, якія называюць сябе веруючымі, на самой справе такімі не з’яўляюцца. Так шмат з іх стараюцца змяніць Евангелле і дастасаваць яго да сваіх секулярных поглядаў. Гэта не той шлях, якім павінен кіравацца хрысціянін. Не мы павінны змяняць Евангелле, але яно павінна нас змяняць.
 
Духоўны стан сучаснага чалавека нагадвае пра крызіс веры, які далучыўся да эканамічнага. А гэта нагадвае пра тое, што чалавек страціў не толькі матэрыяльныя багацці, але таксама і духоўныя. У выніку аслабла святло веры і людзі не лічаць, што Бог павінен займаць галоўнае месца ў іх жыцці. Такім чынам, людзі страцілі сваю годнасць, а таксама пэўны і стабільны накірунак жыцця, і сталі тымі, хто шукае сэнсу свайго існавання. Таму так шмат людзей патрабуе новай евангелізацыі, сэнс якой у асабістым спатканні з Хрыстом, які дапаможа ім адкрыць вочы, пакажа дарогу жыцця і нанова распаліць агонь веры, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/documents/hf_ben-xvi_hom_20121028_conclusione-sinodo_pl.html).

Адвэнт, які аб’ядноўвае мінулае, сучаснасць і будучыню, толькі тады будзе мець сэнс і толькі тады прынясе нам радасць, калі мы будзем мець моцную веру і ёю жыць. Такім чынам, Адвэнт павінен стаць у нашым Касцёле часам новай евангелізацыі для адраджэння і перадачы веры.

Таму на пачатку новага літургічнага года, які ўключаецца ў Адвэнт нашага жыцця, у Год веры спытаемся ў сябе: «Якой ёсць наша вера?» Вера павінна развівацца і ўмацоўвацца. Яе трэба разглядаць у дынаміцы, і таму заўсёды неабходна пытаць сябе: «Якім ёсць Адвэнт нашай веры?» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што «брамы веры» для нас заўсёды адчынены і вядуць да еднасці з Богам (пар. PF 1), і ў іх трэба ўвайсці. Ад гэтага залежыць нашае жыццё і нашая вечнасць, якой чакаем і да якой рыхтуемся.

Дарагія браты і сёстры!

На пачатку Адвэнту ўсіх вас даручаю апецы Марыі — Маці адвэнтовага чування і Маці нашай веры — і на час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння ад усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 25 лістапада 2012 г.
Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Бэнэдыкт XVI. Апостальскае Пасланне «Porta fidei» (PF).
2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/ documents/hf_ben-xvi_hom_20121028_conclusione-sinodo_pl.html
3. Karl Rahner, The great Church Year, New York 1993 (GChY).

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 2 снежня 2012 г., у першую нядзелю Адвэнту.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію