Біскуп Гродзенскі заахвочвае да малітвы за новапрызначанага дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі |
Іерархі |
09.06.2015 14:44 |
«Заахвочваю ўжо сёння да малітвы за біскупа наміната Аляксандра, каб мог як найлепш падрыхтавацца да прыняцця біскупскага пасвячэння», — піша біскуп Аляксандр Кашкевіч у паведамленні з нагоды прызначэння новага дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якім стаў кс. Аляксандр Яшэўскі SDB. «Прагну праінфармаваць з вялікай радасцю, што 9 чэрвеня гг. Святы Айцец Францішак менаваў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі салезіяніна кс. Аляксандра Яшэўскага, сына нашай гродзенскай зямлі», — адзначае гродзенскі ардынарый. «Дзякуем Святому Айцу Францішку за тое, што пасылае нам яшчэ аднаго біскупа, які будзе служыць асабліва на Магілёўшчыне, дзе быў так патрэбны пастырі», — дадае іерарх. Заахвочваючы да малітвы за біскупа наміната, гродзенскі ардынарый запрашае таксама да ўдзелу ва ўрачыстасцях біскупскага пасвячэння кс. Аляксандра Яшэўскага, якія адбудуцца 27 чэрвеня ў 10.00 у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. (AG) |