Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўнікі Беларусі прынялі ўдзел у IV Еўрапейскай сустрэчы душпастыраў моладзі
Душпастырства
15.12.2014 16:14

11-13 снежня ў Рыме адбылася IV Еўрапейская сустрэчa душпастыраў моладзі. Беларусь на сустрэчы прадставілі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і кс. Юрый Марціновіч, адказны за душпастырства дзяцей у Гродзенскай дыяцэзіі.

Душпастыр моладзі павінен быць у жывых адносінах з Хрыстом

 

Еўрапейская сустрэчa душпастыраў моладзі, арганізаваная па ініцыятыве Папскай рады па справах свецкіх і Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, сабрала прадстаўнікоў прыкладна 30 еўрапейскіх краін. У ёй прынялі ўдзел іерархі, святары, якія працуюць з дзецьмі і моладдзю, і сама моладзь.

У ходзе мерапрыемстваў сустрэчы моладзь, пра якую і ішла размова падчас яе, мела магчымасць выказацца на розныя тэмы, якія непакояць сучаснага маладога чалавека.

Маладыя людзі выступалі на сустрэчы вельмі часта, паказваючы, што ім важна мець непасрэдны кантакт з Касцёлам, будучыняй якога яны з’яўляюцца. Таксама яны выказвалі жаданне таго, каб у штодзённым узрастанні ў веры і выспяванні да дарослага жыцця іх суправаджаў душпастыр.

У межах сустрэчы была звернута ўвага на тое, што такі душпастыр павінен быць сапраўдным сведкам Хрыста, павінен сваімі паводзінамі, стылем жыцця прыцягваць да Езуса іншых людзей, асабліва маладых, а таксама тых, хто згубіўся на жыццёвым шляху.

Па словах самой моладзі, якая прымала ўдзел у сустрэчы, маладыя людзі будуць ісці за душпастырам, удзельнічаць у сакрамэнтальным жыцці Касцёла толькі тады, калі ў асобе святара будуць бачыць сапраўднага сведку веры — значыць таго, які кожны дзень прабывае ў жывых адносінах з Хрыстом.

Уменне весці дыялог з маладым чалавекам

 

Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся з пасланнем Папа Францішак. Святы Айцец нагадаў пра важнасць душпастырства моладзі, адзначыўшы, што гэтая сфера дзейнасці Касцёла павінна быць нечым большым за простую арганізацыю рознай дзейнасці для юнакоў і дзяўчат: яна павінна характарызавацца прысутнасцю побач з імі — суправаджэннем у складаных і часам цяжкіх кантэкстах, у якія яны пагружаны.

Па словах Пантыфіка, каб несці Хрыста ў жыццё моладзі, неабходна весці дыялог з ёй, але «сапраўдны дыялог у такім сэнсе можа весці той, хто жыве асабістымі адносінамі з Панам Езусам».

Папа дадаў, што душпастырства паклікана прапанаваць моладзі шлях распазнання паклікання і падрыхтоўкі да наследвання Езуса ў сужэнскім і сямейным жыцці або ў асаблівым прысвячэнні сябе служэнню Божаму Валадарству.

У межах сустрэчы прайшла праца ў групах і абмен досведам працы з моладдзю. У групах размаўлялі пра тое, як рэалізуецца ў працы з моладдзю прапанова Папы Францішка, якая ўтрымліваецца ў Апостальскай адгартацыі «Evangeliі Gaudium», як адказваюць на яе душпастырствы моладзі ў розных краінах. Таксама ўдзельнікі абмяркоўвалі тое, як Касцёл павінен разумець маладых людзей, якія шукаюць свайго жыццёвага шляху, і казалі пра спосабы, як Касцёл можа выйсці насустрач маладому чалавеку.

Касцёл павінен інвеставаць у маладых людзей

 

У размове з Сatholic.by старшыня Папскай рады па справах свецкіх кардынал Станіслаў Рылка адзначыў, што вельмі важным з’яўляецца кантэкст гэтай сустрэчы.

«Сучасная сітуацыя ў Еўропе схіляе нас да чарговай сустрэчы з душпастырамі моладзі. Еўропа, якая старэе, якая губляе сваю тоеснасць, адракаецца ад сваіх хрысціянскіх каранёў. Гэтая сустрэча павінна даць Еўропе выразнае пасланне, — сказаў іерарх. — Касцёл у Еўропе ставіць на маладых людзей, разлічвае на іх.

Папа Ян Павел ІІ вельмі часта паўтараў нам падчас розных сустрэч, што ў маладых Касцёл знаходзіць сваю маладосць. Трэба, каб Касцёл у Еўропе знайшоў сваю маладосць, надзею і місіянерскі размах дзякуючы маладым людзям».

Старшыня Папскай рады па справах свецкіх назваў душпастырства моладзі прыярытэтнай справай Касцёла ва ўсе часы. Іерарх прыгадаў таксама словы Папы Францішка, які на Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра казаў, што маладыя людзі з’яўляюцца як быццам акном, праз якое ў грамадства ўваходзіць будучыня.

«Маладыя людзі з’яўляюцца надзеяй, таму важна, каб Касцёл умеў інвеставаць у моладзь праз яе адказнае душпастырства. Гэтае душпастырства нялёгкае, яно сустракаецца з многімі цяжкасцямі. На выклікі, якія сярод моладзі выражаюцца з асаблівай сілай, Касцёл павінен старацца даваць адказ», — падкрэсліў кардынал Станіслаў Рылка.

Касцёл павінен умець слухаць моладзь

 

Такімі новымі выклікамі, на якія Касцёл павінен даваць адказ, з’яўляюцца, паводле кардынала Станіслава Рылкі, «пошук сэнсу жыцця», «пошук матываў надзеі», «страчванне адчування сэнсу», «згубленасць у жыцці».

«Сёння існуе вялікая патрэба актыўнага душпастырства моладзі. Трэба таксама памятаць, што немагчыма ствараць душпастырствы моладзі без удзелу саміх маладых людзей. Сама моладзь найлепей ведае, што ёй патрэбна, — дадаў іерарх. — Касцёл павінен умець слухаць моладзь. Душпастырства моладзі — гэта дыялог Касцёла з маладымі людзьмі. Касцёл слухае моладзь і адначасова звяртаецца да моладзі».

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Душпастырства

14.03 14:25Айцец Арыюш Малыска OFM Cap прызначаны душпастырам беларускіх католікаў у Вільнюсе
02.12 07:00Святар благаслаўлення: успаміны пра кс. Рышарда Юніка ў гадавіну яго смерці
17.08 16:19Увага для міністрантаў: рэкалекцыі ў Лебедзеве адменены
11.08 17:13Моладзь мінскай парафіі Божага Цела наведала касцёлы і гістарычныя мясціны Берасцейшчыны
11.08 14:46«Заўсёды за ўсё дзякаваць Богу»: у Гродне дзякавалі за пілігрымку «Гродна – Рось»
06.06 18:47Назаўсёды ў нашых сэрцах: развітваемся з цудоўным святаром – кс. Янам Занеўскім
23.03 10:47Айцы піяры абвясцілі вынікі конкурсу на найлепшы відэаролік
01.03 09:021 сакавіка — 55-я гадавіна смерці кс. Віктара Шутовіча — беларускага святара і публіцыста
01.03 08:59Выратаваць ад забыцця: да 15-годдзя смерці кс. прэлата Юзафа Грасевіча
17.02 10:20Кароткая гісторыя кс. Станіслава Шчэмірскага ў 65-годдзе яго смерці