1 сакавіка — 55-я гадавіна смерці кс. Віктара Шутовіча — беларускага святара і публіцыста |
Душпастырства
|
01.03.2015 09:02 |
Ксёндз Віктар Шутовіч нарадзіўся 27 кастрычніка 1890 года ў в. Шутавічы Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён). Вучыўся ў Ашмянскай гарадской школе, з 1909 года – у Віленскай духоўнай семінарыі.
Атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 16 чэрвеня 1913 года ў Вільні.
Спачатку служыў у Барадзенічах Браслаўскага павета. Распаўсюджаў сярод вернікаў беларускія рэлігійныя і свецкія выданні, перыёдыку. За гэтую дзейнасць і казанні на беларускай мове быў асуджаны польскімі ўладамі.
Служыў таксама ў парафіях у в. Новы Пагост, Шаркаўшчыне, Друі, Іказні, у мінскім Чырвоным касцёле (з вясны 1944 па 1945 г.).
Супрацоўнічаў з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі. Напісаў драму «950 гадоў хрысціянства на Беларусі».
26 студзеня 1945 года быў арыштаваны савецкімі ўладамі, асуджаны на 10 гадоў турмы. Вызвалены 20 сакавіка 1955 года, вярнуўся ў Мінск, пасля атрымаў парафію ў Барысаве, дзе апошнія гады жыў і служыў вернікам.
1 красавіка 1956 года, на Вялікдзень, цэлебраваў святую Імшу ў капліцы на барысаўскіх могілках з удзелам вялікай колькасці вернікаў, але ўжо на наступны дзень, баючыся ажыўлення рэлігійнага жыцця, улады зачынілі капліцу.
Памёр 1 сакавіка 1960 года. Пахаваны на барысаўскіх каталіцкіх могілках.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч
|