Сёлета 1 сакавіка адзначаецца 15-я гадавіна смерці ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча, які ў апошнія гады свайго святарскага служэння быў пробашчам парафіі ў Каменцы. Ксёндз Юзаф Грасевіч — выбітная постаць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта выключная постаць таму, што ксёндз Грасевіч з’яўляецца сузаснавальнікам манаскай супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), сябраваў з бл. ксяндзом Міхалам Сапоцькам, паспрыяў захаванню ад знішчэння першага цудатворнага абраза Езуса Міласэрнага, напісанага паводле ўказанняў св. Фаўстыны па жаданні самога Хрыста. gСапраўдны айцец манаскай супольнасці Mанаская супольнасць Сясцёр Маці Міласэрнасці многім абавязана кс. Юзафу Грасевічу. Генеральная настаяцельніца с. Фаўстына Цыдзік сёння ўспамінае: «Мы называлі ксяндза прэлата “айцец”, бо ён апекаваўся намі. Ён застанецца ў жывой памяці як чалавек вялікага клопату і малітвы. На працягу дзевяці гадоў я мела шчасце маліцца разам з ім, атрымліваць карысць з яго навучанняў, мудрых указанняў, парадаў». Ксёндз Грасевіч быў духоўным кіраўніком і спаведніком супольнасці, прамаўляў рэкалекцыйныя навукі, праводзіў дні духоўных сустрэч. Пачатак сённяшняй супольнасцi Сясцёр Маці Міласэрнасці дало Таварыства Найсвяцейшай Панны Марыі Пераможцы «Marianum», заснаванае Тадэвушам Бірэцкім (1894-1966), які адправіўся на вайну і больш не вярнуўся ў Вільню. Статут гэтай супольнасці апрацаваў кс. Юзаф Грасевіч. Усё гэта адбывалася ў ціхай Каменцы, дзе святар праводзіў апошнія гады жыцця. Калі ён быў пробашчам невялікай парафіі Св. Антонія і Аб’яўлення Пана, куды разам з ім прыбылі тры законныя сястры, пачалося тайнае будаванне супольнасці. У першую чаргу статут быў прыстасаваны да новых умоваў. У ім гаворыцца: «Мэтай Інстытуту Маці Міласэрнасці з’яўляецца апостальская дзейнасць для рэлігійнага адраджэння грамадства, паводле дэвізу Папы Пія Х “Усё аднавіць у Хрысце”».
«Ксёндз Грасевіч быў вельмі пабожным чалавекам, усе свае думкі, якія пісаў на паперы, выкладаў у малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Ён штодзень маліўся ўсе часткі Ружанца», — узгадвае сястра Фаўстына Цыдзік. Капліца, дзе святар праводзіў шмат часу на малітве і дзе «нараджаліся» новыя думкі, была зусім маленькая і цесная: там змяшчалася толькі адна лава і вузкі праход. «Не раз я бачыла, як падчас малітвы ён узносіў угору рукi», — дадае сястра.
Казаў свету пра Бога, багатага ў міласэрнасці
Ксёндз Юзаф Грасевіч пашыраў культ Божай Міласэрнасці і Найсвяцейшай Панны Марыі як Маці Міласэрнасці. Таму ў сваіх гаміліях, канферэнцыях, прамовах ён часта ўказваў на Езуса, багатага ў міласэрнасці, а таксама дадаваў, што кожнага чалавека ўкрывае сваім плашчом Марыя, Маці Міласэрнасці.
Ксёндз прэлат Грасевіч вельмі шанаваў Езуса Міласэрнага, добра ведаў гісторыю ўзнікнення першага абраза Езуса Міласэрнага, створанага ў 1934 г. у Вільні, і яго складаны лёс. Святар быў асуджаны на 25 гадоў ссылкі ў сібірскія лагеры, дзе правёў толькі 5, бо пасля смерці Сталіна быў вызвалены. Вярнуўшыся да сваіх душпастырскіх абавязкаў, ён адразу зацікавіўся лёсам абраза Езуса Міласэрнага. І ўжо ў 1956 г. перавёз яго ў касцёл св. Юрыя ў Новай Рудзе і змясціў на сцяне паміж прэзбітэрыем і галоўнай навай. Абраз знаходзіўся там 40 гадоў. Тут асаблівым чынам развіваўся культ Езуса Міласэрнага.
Таксама ў Новай Рудзе кс. Грасевіч увёў звычай малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці. Гэтая вестка вельмі хутка дайшла да кс. Міхала Сапоцькі, які тады быў выкладчыкам Духоўнай семінарыі ў Беластоку. Ксёндз Сапоцька быў супакоены, бо разумеў, што абраз знайшоў сумленнага апекуна. Акрамя таго, ксёндз Сапоцька пэўны час быў спаведніком ксяндза Грасевіча, які пазней пісаў пра яго ў сваіх успамінах: «Ён меў рашаючы ўплыў на ўсё маё жыццё».
Захаваў ад знішчэння абраз Езуса Міласэрнага
Трэба падкрэсліць вялікую заслугу кс. Грасевіча ў захаванні абраза Езуса Міласэрнага ад знішчэння. У 1970 г. улады вырашылі зрабіць з касцёла ў Новай Рудзе склад. Да святыні пад’ехалі грузавікі, з яе пачалі выносіць рэчы. Адной жанчыне ўдалося ўвайсці ў касцёл, яна пачала крычаць, і разбуральнікі, спалоханыя, перасталі разбіраць алтар. Такім цудоўным чынам удалося захаваць у святыні абраз Езуса Міласэрнага. Таксама не знайшлося дастаткова доўгай лесвіцы, каб зняць яго, бо ён быў павешаны даволі высока.
Вельмі клапоцячыся аб тым, каб абраз не быў знішчаны, ксёндз Юзаф Грасевіч пасля размоваў з сённяшнім Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, у той час вікарыем касцёла св. Тэрэзы ў Вільні, прапанаваў перадаць абраз у парафію Святога Духа ў Вільні, і гэта было зроблена. Абраз, скручаны ў рулон, быў перададзены біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, у той час пробашчу гэтай парафіі, сястрой Цэцыліяй Абухоўскай падчас споведзі ў канфесіянале. Абраз быў змешчаны ў падрыхтаваным для яго алтары. Чалавек з чулым сумленнем
Руплівы святар пакінуў пасля сябе шмат разважанняў, дзённікаў, думак, нататак.
«Ён меў звычай раз у месяц праводзіць для сябе дзень духоўных разважанняў. У гэты дзень ён вельмі шмат маліўся, ні з кім не размаўляў, выбіраў адпаведныя чытанні. І пасля кожнага такога дня або рэкалекцый, што доўжыліся некалькі дзён, ён пісаў у сваіх сшытках свае думкі, найперш скіраваныя да сябе самога, а потым тое, што хацеў у гаміліях перадаць вернікам», — узгадвае сястра Фаўстына Цыдзік.
Пасля адных з такіх рэкалекцый, што прайшлі 28-30 жніўня 1956 г., святар запісаў пастановы, якія датычыліся яго самога:
«Абудзіць у сабе прагненне нястомнага руху наперад: „Tаму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” (Mц 5, 48)».
Для сваіх парафіян ён таксама запісаў некалькі словаў:
«Заахвочваць вернікаў да працы над сабой, а да тых, якія выкажуць прагненне працы над удасканаленнем, прыходзіць з усялякай дапамогай. Таксама сем’і заахвоціць, каб удасканальвалі сваё жыццё на ўзор Святой Сям’і ».
Праглядаючы асабістыя нататкі ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча, адчуваеш, што гэта быў святар з вельмі чулым сумленнем. Святар, які імкнуўся цалкам прысвячаць сябе Богу і людзям. Дні духоўных разважанняў і рэкалекцыі былі ўпісаны ў нармальны рытм яго жыцця. Гэта было выйсце ў пустыню, каб пачуць голас Бога. Калі з-за разнастайных абавязкаў ці заняткаў яму не ўдавалася правесці дзень духоўных разважанняў, ён меў дакоры сумлення, аб чым пісаў у сваіх нататках:
«У лістападзе і снежні не ўдалося правесці дні духоўных разважанняў. Таму ў найбліжэйшы час прагну прайсці пяцідзённыя рэкалекцыі. Пастараюся з Божай ласкай перажыць гэты час».
У сваіх нататках, асабліва тады, калі быў ужо ў пажылым узросце, калі яго жыццёвы шлях станавіўся ўсё карацейшым, а крыж цяжэйшым, святар шмат казаў пра смерць, жыццё вечнае, адыход з гэтага свету. Кожныя яго рэкалекцыі ці дні духоўных разважанняў канцэнтраваліся на гэтай тэме.
«Мэта кожных рэкалекцый — падрыхтаваць да смерці. У сённяшніх часах і ўмовах тым больш трэба прымаць гэта да ўвагі. Пры сустрэчы з сястрой Вандай я сказаў ёй: „Нам трэба збірацца ў неба, і нельга асвяціць сябе інакш, чым пастаянна памятаючы пра смерць і праз найлепшую і нястомную падрыхтоўку да яе”» — пісаў кс. Юзаф Грасевіч 13 снежня 1948 г.
Напэўна, святар добра ведаў, што да спаткання з Богам найлепш можа падрыхтаваць Маці Міласэрная:
«Любая Маці, хто мяне падрыхтуе да гэтага дня, калі Ты гэтага не зробіш?».
Вельмі простыя тэксты, напісаныя сінім чарнілам, даюць шмат для думак сучаснаму чалавеку. У іх крыецца багацце душы святара, закаханай у Бога.
«Калі мы хочам кожны дзень практыкаваць пакаяння, то мусім прыняць паставу таго, хто каецца. Такая пастава дапамагае развіццю трох элементаў: болю душы, сораму душы і страху перад самім сабой» (28.07.1960).
Ксёндз Грасевіч на свае вочы бачыў вайну, якая была для яго дарогай праз муку. Вайна адабрала ў яго частку асабістага жыцця, але не душпастырскага, бо душпастырам ён быў у любых умовах. Пасля вайны, дзелячы лёс большасці палякаў, ён быў вывезены ў Сібір, а затым вярнуўся да сваіх вернікаў, абслугоўваў адначасова некалькі парафій, пастаянна кантраляваўся тайнымі службамі, выклікаўся на слуханні, яго прыніжалі…
Усе свае цярпенні святар ахвяраваў Езусу і Яго Маці. Ён быў сейбітам Божага слова шмат гадоў, і заўсёды сеяў з вялікай моцай, каб зерне Божага слова, упаўшы ў глебу людскіх сэрцаў, прыносіла шчодры плён.
Ксёндз Юзаф Грасевіч адышоў па ўзнагароду да Пана 1 сакавіка 2000 г. Пахаваны каля касцёла ў Каменцы, у абарону якога рашуча стаяў усё жыццё. Кс. Юрый Марціновіч
|