Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святар благаслаўлення: успаміны пра кс. Рышарда Юніка ў гадавіну яго смерці
Душпастырства
02.12.2015 07:00

2 снежня прыпадае першая гадавiна смерцi ксяндза Рышарда Юнiка, які служыў у парафіі Св. Юзафа ў Рубяжэвічах амаль 35 гадоў. Пра спачылага святара ўзгадвае ксёндз Юзаф Сярпейка, які ў час служэння кс. Юніка пробашчам у Рубяжэвічах быў у парафіі вікарыем:

 «Святар благаслаўлення: усіх і ўсяго. Такім ён быў і такім застаўся ў маёй памяці.

“Усіх благаслаўляй, — казаў ён мне часта. — Усіх і на кожную справу. Добрая памножыцца, а дрэнная  адложыцца. Благаслаўляй, не забывайся!” Як святы Павел у Пасланні да Рымлянаў: “Благаслаўляйце, а не праклінайце!” (Рым 12, 14 ) Святар ён быў просты, а таму і пакорны. Колькі разоў чуў ад яго наганы, столькі ж і прабачэння прасіў. “І ты мяне прабач”, — казаў ён.


Гэта быў святар вялікай памяці, а таму і ўважлівы — да ўсіх і ўсяго. Ён памятаў пра кожнага чалавека, нават тых, хто быў у яго гадоў 20 таму. Памятаў надвор’е ў той дзень, настрой чалавека і колькі ў той час хлеб каштаваў.

Гэта быў святар дыялогу і карэспандэнцыі: лісты атрымліваў штодзённа — філатэлісты паштовым значкам пазайздросцілі б.

Гэта быў святар малітвы і літургіі. Глыбокай, пабожнай, прыгожай. Нават тады, калі сам не мог яе цэлебраваць.

Гэта быў святар вялікага гумару да сябе і тых, хто аказваўся побач. Святар Традыцыі Касцёла і святар традыцыйных каталіцкіх звычаяў — калядаваў часта з цэлай вуліцай.

Гэта быў святар незвычайны. Да канца ён меў ясны зрок і погляд. Заўсёды казаў, што пайшоў служыць Богу і чалавеку. Яму было дастаткова яго любага служэння пробашчам і парафіян. Ён быў для іх.

Пра сябе ён казаў вельмі сціпла. Нават трэба сказаць, што не любіў гаварыць пра сябе. Ён не скардзіўся — ні на часы, ні на хваробу. Здавалася, быццам не меў у жыцці цяжкасцяў, хоць цярпенне і накрэсліла свае рысы на яго твары.

Ён быў падрыхтаваны да смерці. Нават чакаў адыходу, адчуваў яе подых. Нягледзячы на гэта, ён клапаціўся пра святыню. Цяжкі стан здароўя не перашкаджаў яму заставацца Добрым Пастырам. Яшчэ 23 кастрычніка ён захацеў паехаць у Койданава, паслухаць, як там гучаць калонкі ў касцёле.

Па дарозе дадому ён сказаў:

“Паміраю… няма прыгажэйшай рэчы на свеце за тую, што паміраем штодзённа, асабліва тады, калі маеш свядомасць, дзеля Каго гэта робіш. Паміраць для Пана Бога — гэта даць з сябе апошні дар, з уласнай любові. Таму паміраю… азначае люблю… азначае жыву вечна. Усведамленне, што памалу адыходжу з гэтага свету, — гэта для мяне радасць нават у такім веку. З пэўнага часу я глыбока перакананы, што да гэтай хвіліны, у якую Пан Бог пакліча мяне да вечнасці, я ўжо падрыхтаваны. Хоць на самой справе не ўзростам лічыцца момант падрыхтоўкі да сустрэчы з Богам, але ўнутранай сталасцю, якая нараджаецца ў сэрцы чалавека. Таму магу сказаць, што я падрыхтаваны”.

Дзякую табе, Ойча, і благаслаўляю цябе. Адпачывай у супакоі».


У рубяжэвіцкай парафіі кс. Рышард Юнік пачынаў сваю падрыхтоўку да святарства, 14 гадоў працуючы там арганістам. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1978 г. у Рызе. Быў першым пасля вайны святаром, які паходзіў з Пінскай дыяцэзіі. Калі ў 1978 г. памёр пробашч рубяжэвіцкай парафіі, ксёндз Рычард Юнік спачатку прыязджаў туды, а потым стаў яе пробашчам. Такім чынам парафія зноў атрымала пастаяннага святара, да якога ехалі вернікі з Мінска, Маладзечна, Стоўбцаў, Дзяржынска, Івянца і іншых парафій, дзе святароў не было.

У часы ганенняў на Касцёл ксёндз Рышард Юнік мужна бараніў веру і распаўсюджваў яе. Вялікую ўвагу прысвячаў аднаўленню і ўмацаванню хрысціянскіх традыцый. Прапагандаваў здаровы безалкагольны стыль жыцця. Асабліва клапаціўся аб матэрыяльным стане мясцовай святыні і сам прымаў удзел у яе рамонтах. Пры гэтым сам жыў вельмі сціпла ў маленькім доміку.

Адышоў у вечнасць 2 снежня 2014 г. на 76-м годзе жыцця.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Душпастырства

14.03 14:25Айцец Арыюш Малыска OFM Cap прызначаны душпастырам беларускіх католікаў у Вільнюсе
02.12 07:00Святар благаслаўлення: успаміны пра кс. Рышарда Юніка ў гадавіну яго смерці
17.08 16:19Увага для міністрантаў: рэкалекцыі ў Лебедзеве адменены
11.08 17:13Моладзь мінскай парафіі Божага Цела наведала касцёлы і гістарычныя мясціны Берасцейшчыны
11.08 14:46«Заўсёды за ўсё дзякаваць Богу»: у Гродне дзякавалі за пілігрымку «Гродна – Рось»
06.06 18:47Назаўсёды ў нашых сэрцах: развітваемся з цудоўным святаром – кс. Янам Занеўскім
23.03 10:47Айцы піяры абвясцілі вынікі конкурсу на найлепшы відэаролік
01.03 09:021 сакавіка — 55-я гадавіна смерці кс. Віктара Шутовіча — беларускага святара і публіцыста
01.03 08:59Выратаваць ад забыцця: да 15-годдзя смерці кс. прэлата Юзафа Грасевіча
17.02 10:20Кароткая гісторыя кс. Станіслава Шчэмірскага ў 65-годдзе яго смерці