Назаўсёды ў нашых сэрцах: развітваемся з цудоўным святаром – кс. Янам Занеўскім |
Душпастырства |
06.06.2015 18:47 |
6 чэрвеня адышоў па вечную ўзнагароду кс. Ян Занеўскі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы. Ён пражыў на гэтым свеце амаль 50 гадоў, з якіх амаль 25 правёў у Хрыстовым святарстве. Не хацелася спачатку верыць, калі даведаліся аб гэтай навіне. Было праўдай тое, што ў апошні час ён вельмі цярпеў, хвароба валіла яго з ног. Гэта святар, які заўсёды быў актыўны на полі душпастырства, заўсёды імкнуўся да справядлівасці. Заўсёды клапаціўся аб дзецях, моладзі, аб іх катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Для яго было вельмі важна тое, каб Бог быў у сэрцах маладых людзей, каб яны ніколі не забывалі дарогі да касцёла, на катэхезу.
Я асабіста не аднойчы меў магчымасць сустракацца з ксяндзом Янам. Ён заўсёды меў добрыя і карысныя парады, заўсёды спяшаўся дапамагчы. Гэтая дапамога была відавочнай падчас арганізацыі пешай пілігрымкі з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. Парафія ў Квасоўцы, дзе ён служыў амаль 15 гадоў, была месцам адпачынку падчас пешай пілігрымкі. З вялікай руплівасцю і стараннасцю ён прымаў усіх пілігрымаў, акрапляў асвячонай вадой, заўсёды частаваў смачным абедам, распавядаў гісторыю бл. Цэліны Бажэнцкай, якую атачаў асаблівай пашанай і пашыраў яе культ.
У апошні час заўважалася, як ён паступова адыходзіў, развітваўся з гэтым светам. Хвароба не дазваляла яму да канца рэалізаваць усе свае планы і намеры. Ён згарэў, як свечка пры алтары, да канца. Згарэў, аднак у сэрцах многіх людзей пакінуў цяпло і святло Божага агню. Пакінуў у сэрцах Бога, а сваю задачу выканаў да канца, як належыць. Дзякуем Пану Богу за дар гэтай асобы, яка вучыла нас сапраўды хрысціянскаму жыццю. Дзякуем Пану Богу за яго прыгожае святарства, якім нас усіх узбагаціў. Дзякуем Богу, што даў нам гэтага святара!
Ксёндз Ян, ад імя ўсіх удзельнікаў пешай пілігрымкі Гродна-Рось прагну падзякаваць табе за заўсёды адчыненыя дзверы, за тваё сэрца і за тое, што заўсёды быў з намі і каля нас! Жадаем сёння падтрымліваць цябе нашымі малітвамі, каб ты мог дасягнуць мэты, якую пры жыцці нам усім указваў! |