У Вішневе асвечана крыніца, якая мае амаль шасцівекавую гісторыю |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.10.2009 18:24 |
3 кастрычніка 2009 г. у Вішневе недалёка ад касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі была асвечана крыніца, якая мае амаль 600-гадовую і надзвычайную гісторыю. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары архідыяцэзіі, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, мясцовай і раённай улады. Гэта падзея сабрала ў Вішневе шматлікіх вернікаў з розных парафій. Асвячэнне крыніцы адбылося пасля літургіі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Затым арцыпастыр, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і ўлады на знак успаміну аб цудоўным з’яўленні крыніцы пасадзілі вішнёвыя дрэвы.Мітрапаліт падкрэсліў у сваёй гаміліі: «Існуе гісторыя пра аб’яўленне Божай Маці
ў Вішневе, калі Марыя з’явілася на вішні. Адсюль і назва вёскі. Вішнева ўжо не адно стагоддзе славіцца
і сваёй крыніцай. Яе вада лічыцца цудоўнай, якая дапамагае ў лячэнні хваробаў вачэй і рэўматызму. Падчас пераследу веры, крынічка была засыпана.
Гэта вельмі сімвалічна — крыніца з’яўляецца знакам жыцця. У тыя часы былі і такія людзі, якія не хацелі, каб
яна нагадвала чалавеку аб духоўным жыцці, таму было зроблена ўсё, каб паказаць, што
крыніца высахла і яе ўжо няма. Так было і з верай у нашай краіне. Гаварылі, што
са смерцю апошняга святара вера загіне і высахне. Так гаварылі і так думалі.
Але Бог зрабіў інакш. Сёння крыніца
расчышчана і адноўлена. Да яе ізноў ідуць людзі, бо вераць у дапамогу і
заступніцтва Марыі». Плануецца, што першая субота кастрычніка — месяца ружанцовай малітвы — стане своеасаблівым парафіяльным святам, калі будзе ўзгадвацца і дзень асвячэння крыніцы, якая стала прадвеснікам з’яўлення ў гэтых мясцінах дому Божага. |
Фотарэпартаж |