Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы распачалася цэлебрацыяй святой Імшы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.07.2010 20:51 |
30 ліпеня 2010 г. у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) на распачацце ІІІ Малітоўнай сустрэчы моладзі адбылася святая Імша ў інтэнцыі ўдзельнікаў мерапрыемства і ўсёй моладзі Беларусі. Літургію ўзначаліў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч. Галоўны цэлебрант пажадаў маладым вернікам заўсёды імкнуцца да святасці, што, як падкрэсліў святар, з’яўляецца трывалай барацьбой з грахом. Гамілію прамовіў кс. Юрый Санько, які нагадаў прысутным, што іх сабраў тут Езус Хрыстус, каб узмоцніць сваім словам і любоўю. «Хрыстус прысутны ў кожную хвіліну нашага жыцця, — нагадаў святар. — Ён збірае нас разам, каб мы лепш маглі адчуць гэту праўду». Звяртаючыся да тэмы сёлетняй сустрэчы — «Хочаш быць шчаслівым? Захоўвай запаведзі!», — кс. Юрый Санько заклікаў кожнага адказаць на пытанне: «Божыя запаведзі — гэта для мяне цяжар ці падтрымка?». «У штодзённым жыцці мы губляемся ў пустыні грахоў і спакусаў, — працягваў святар. — Аднак Бог дае нам свае запаведзі, каб зрабіць нас свабоднымі». Божыя запаведзі, як адзначыў святар на заканчэнне гаміліі, «паказваюць сэнс і вартасць нашага жыцця». |
Фотарэпартаж |