Удзельнікі малітоўнай сустрэчы ў Івянцы разважалі над Божымі запаведзямі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
31.07.2010 15:23 |
31 ліпеня 2010 г. для ўдзельнікаў Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы былі прамоўлены катэхезы на тэму Божых запаведзяў. «Хочаш быць шчаслівым? Захоўвай Божыя запаведзі!» — менавіта дэвіз сёлетняй сустрэчы стаў адпраўнай кропкай для прадстаўленых разважанняў. Канферэнцыю, прысвечаную першым тром Божым запаведзям, прамовіў кс. Юрый Касабуцкі. «Не май іншых багоў, апроч Мяне», «Не ўжывай імя Пана Бога дарэмна», «Памятай дзень святы святкаваць» — гэтыя запаведзі кажуць пра тое, якімі павінны быць адносіны чалавека з Богам. Другую канферэнцыю падрыхтаваў кс. Ігар Лашук SDB і акрэсліў сутнасць астатніх сямі запаведзяў, якія кажуць пра міжчалавечыя адносіны. Акрамя гэтага, святар нагадаў моладзі, што найперш яны сабраліся тут, каб сведчыць адно аднаму сваю веру. Ксёндз Ігар Лашук прывёў таксама ўчынкі міласэрнасці да душы і цела бліжняга. Менавіта яны, па словах святара, з’яўляюцца процівагаю таму, чаму вучыць сучасны свет. На заканчэнне да сабраных прамовіў Мітрапаліт Кандрусевіч, які заклікаў задумацца, ці з’яўляюцца Божыя запаведзі актуальнымі сёння і ці павінен сучасны чалавек іх захоўваць. «Божыя запаведзі прадстаўляюць фундаментальныя ўмовы адносін паміж Богам і яго народам. Менавіта яны запрашаюць чалавека да сумеснага ўдзелу ў распачатым Богам вызваленні чалавецтва ад граху, каб усе захавалі ў сабе вобраз Бога і былі духоўна свабоднымі», — нагадаў Мітрапаліт. «Мы радуем сэрца Божае праз захаванне Яго запаведзяў, а Ён за гэта ўчыніць нас шчаслівымі», — падкрэсліў арцыпастыр і пажадаў моладзі, каб гэтыя дні прынеслі духоўны плён. Тэкст катэхезы Мітрапаліта Кандрусевіча >>> Пасля кожнай канферэнцыі модадзь мела магчымасць задаць пытанні дакладчыкам. |
Фотарэпартаж |