Італьянская моладзь пра беларускую: мы розныя і аднолькавыя |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
31.07.2010 16:47 |
Малітоўная сустрэча моладзі, якая праводзіцца ў Івянцы ўжо трэці раз, з кожным годам набывае ўсё больш шырокі рэзананс. Сёлетняя сустрэча сабрала маладых хрысціянаў не толькі з парафій Беларусі, але і дзяцей Божых з-за мяжы. Так, акрамя гасцей з Расіі і Польшчы, у гэтым годзе Івянец наведалі вернікі з Італіі. Атрымаўшы магчымасць прадставіцца, маладыя людзі адзначылі: «Мы група, можна сказаць, ненармальная (смяюцца). Мы не ёсць суполка з нейкай адной парафіі. Мы хлопцы і дзяўчаты з адной школы — з каталіцкага ліцэя святога Францішка ў Лодзі, якім апякуюцца айцы барнабіты. Мы захацелі пабачыць Беларусь і прыняць удзел у вашым вопыце перажывання малітоўных сустрэч. Рэчаіснасць, якая ёсць тут і ў якой жывём мы там, у Італіі, дастаткова розная. Таксама і нашыя культуры адрозніваюцца. Але тое, што нас яднае, — гэта жаданне быць разам, жаданне імкнуцца да духоўных каштоўнасцей». Госці з Італіі таксама жадаюць далучыцца да пілігрымкі, якая ўжо вырушыла з Жодзіна ў Росіцу. Па іх словах, запрашэнне прыехаць у Беларусь яны атрымалі ад айца Сяргея Гаека MIC. «Ен запрасіў нас і выкладчыка нашай школы Джанікала», — расказалі юнакі. Калі размова зайшла пра ўражанні аб верніках Беларусі, італьянцы адзначылі: «На наш погляд, беларуская моладзь больш шчыра верыць у Бога. Мы верым па-рознаму. Вельмі рэдка ў Італіі можна сустрэць 16-, 17-гадовых людзей, якія б так шчыра і адкрыта праяўлялі сваю веру». Пры гэтым практыка сумеснага трывання ў малітве ў дзвюх краінах падобная. «Мы таксама разам молімся. Мы маем 20-цігадовы досвед такіх спатканняў пры нашай каталіцкай школе, калі прыязжаюць тысячы маладых людзей з усёй Італіі, — разважаюць італьянскія вернікі. — Таксама вялікую частку займае хрысціянская музыка, спевы. Нам было незвычайна бачыць, як вы выконваеце песні пад гітару — прычым не толькі рэлігійныя, але і тыя, што расказваюць гісторыю вашай краіны». Маладыя італьянскія вернікі на заканчэнне размовы прызналіся, што прыемна ўражаны гасціннасцю беларусаў і будуць вельмі цешыцца з магчымасці наведаць гэтую краіну яшчэ раз. |