Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: час раскідваць камяні прайшоў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.10.2010 16:20
6 кастрычніка 2010 г. у Мітрапалітальнай курыі адбылася чарговая прэс-канферэнцыя. На гэты раз сустрэча была прысвечана 300-годдзю кансэкрацыі сённяшняй архікатэдры.

На пачатку канферэнцыі выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які распавёў пра асаблівасці падрыхтоўкі і святкавання ўрачыстасці. Мітрапаліт нагадаў, што ў галоўнай літургіі прыме ўдзел папскі легат кардынал Юэаф Томко, былы прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Прадстаўнік Бэнэдыкта XVI выказаў жаданне звярнуцца да вернікаў і прамовіць гамілію на беларускай мове. Арцыпастыр расцэньвае гэта як знак павагі да Касцёла ў Беларусі і да беларускай культуры. Да таго ж, некаторыя часткі святой Імшы таксама будуць зачытаны кардыналам на роднай мове мясцовых вернікаў.

Мітрапаліт адзначыў таксама, што запланавана сустрэча кардынала Юзафа Томко з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі ўлады. У нядзелю 10 кастрычніка прадстаўнік Святога Айца ўзначаліць святую Імшу ў парафіі Святога Юзафа ў Маладзечне. Кардынал Томко прыбудзе ў Мінск ужо заўтра ўвечары.

Вяртаючыся да пераліку запрошаных гасцей, Мітрапаліт адзначыў Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне, усіх іерархаў Беларусі, а таксама біскупаў з Украіны, Літвы і Польшчы. З нагоды юбілею кансэкрацыі сённяшняй мінскай архікатэдры ўжо атрыманы віншаванні ад чэшскіх, украінскіх, балгарскіх і казахскіх іерархаў.

Кажучы пра падрыхтоўку да святкавання, Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў аб Навэнне, якая распачалася ў мінулы чацвер і завершыцца ў гэтую пятніцу. Навэнна ўключае ў сябе ружанцовую малітву, літургію і даклады на разнастайныя тэмы. Пры гэтым немалаважным, па словах іерарха, з’яўляецца ўдзел у ёй прадстаўнікоў Праваслаўнай Царвы, якія дзякуючы дакладам набліжаюць каталіцкіх вернікаў да сутнасці літургіі і структуры праваслаўя.

Акрамя гэтага, пра сучасны стан і рэканструкцыю архікатэдры распавёў прадстаўнікам СМІ пробашч парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Антоні Клімантовіч. Святар выказаў словы ўдзячнасці ў адрас кардынала Казіміра Свёнтка, пры якім пачалося аднаўленне архікатэдральнага касцёла, уладаў, дзякуючы дапамозе якіх удалося аднавіць фрэскі ў святыні, а таксама гісторыка Святланы Адамовіч, якая прыклала шмат намаганняў у аднаўленні гісторыі святыні. Ксёндз Клімантовіч нагадаў таксама пра тое, што алтарны абраз у святыні з’яўляецца дарам папы Яна Паўла ІІ. На сённяшні дзень рэстаўрацыя, па словах пробашча архікатэдры, яшчэ не завершана, плануецца аднаўленне бакавых алтароў.

Важнай часткай святкавання стане асвячэнне мемарыяльнай дошкі з надпісам усіх святароў, што працавалі ў касцёле ад часу яе кансэкрацыі да 1945 г., а таксама дошка ў памяць аб святкаванні 300-й гадавіны.

Не абышлася прэс-канферэнцыя і без, здавался б, прывычных, але заўсёды праблемных і надзённых пытанняў, такіх, як стан узаемаадносінаў Касцёла і дзяржавы ў Беларусі, узаемаадносіны з іншымі канфесіямі і рэлігіямі, вяртанне святыняў ва ўласнасць Касцёла, а таксама магчымасць прыезду Папы ў Беларусь.

Адказваючы на гэтыя пытанні, Мітрапаліт Кандрусевіч, між іншым, адзначыў, што на сённяшні дзень у Мінску выдзелена восем надзелаў пад будаўніцтва касцёла, але праблема заключаецца ў сродках. Таму магчымым рашэннем у дадзенай сітуацыі, па словах арцыпастыра, можа быць перанясенне занядбаных святыняў (адтуль, дзе няма вернікаў) у вялікія гарады. «Такім чынам мы выратавалі б і стары касцёл, як помнік архітэктуры, а таксама дапамагі б вернікам, якія патрабуюць святыні», — адзначыў арцыпастыр.

«Час раскідваць камяні прайшоў», — падкрэсліў Мітрапаліт, кажучы пра абавязак хрысціянаў захаваць атрыманую спадчыну, у тым ліку і будынкі святыняў.

Да 300-годдзя кансэкрацыі святыні падрыхтаваны альбом з фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць гісторыю сённяшняй архікатэдры. Святкаванне працягнецца і ўвечары 9 кастрычніка: пасля святой Імшы на 18.30 у архікатэдры выступіць хор Белтэлерадыёкампаніі.

Напрыканцы сустрэчы Мітрапаліт запрасіў усіх жадаючых на ўрачыстую літургію з нагоды 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняй архікатэдры.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме