Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасці 250-годдзя каранацыі абраза Маці Божай адбыліся ў Бялынічах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.09.2011 12:09

17 верасня 2011 г. у Бялынічах праходзілі юбілейныя ўрачыстасці 250-годдзя каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Перад святой Імшой адбылася прысвечаная гэтай даце канферэнцыя «Хрысціянства ў прыдруцкім краі».

Адкрываючы канферэнцыю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў яе ўдзельнікаў, падзякаваў арганізатарам — кс. пробашчу Каралю Тамецкаму і дэкану Магілёўскаму кс. Раману Факсінскаму. Арцыпастыр таксама выказаў удзячнасць дакладчыкам, асабліва д-ру гістарычных навук Ігару Марзалюку, доктару і магістру тэалогіі Ігару Лосеву. Іерарх падкрэсліў, што дзень юбілею з’яўляецца знакавым.

Хаця парафія ў Бялынічах у наш час невялікая, аднак яна мае вельмі багатую і адначасова трагічную гісторыю. Заснаваная ў XVI ст., яна з’яўляецца вельмі знакамітай, найперш з-за прыгожай святыні і цудатворнага абраза Божай Маці Бялыніцкай, якую называлі беларускай Чэнстаховай. На жаль, падчас ганенняў парафія была знішчана, а касцёл у 1960 г. быў узарваны. У наш час там існуе капліца, і парафія паступова адраджаецца.

Каранацыя цудатворнага Бялыніцкага абраза адбылася ў 1761 г. Гэта быў другі пасля Маці Божай Жыровіцкай абраз на тэрыторыі сучаснай Беларусі, каранаваны папскімі каронамі. Гэты факт нагадвае пра яго вялікае духоўнае значэнне. Месцазнаходжанне абраза пасля Другой сусветнай вайны невядома. Аднак да нашага часу захаваліся нешматлікія копіі гэтага абраза. Некаторыя з іх лічацца цудатворнымі.

Мітрапаліт Кандрусевіч выказаў надзею, што святкаванне юбілею 250-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай паспрыяе новаму адраджэнню і развіццю яе культу, а таксама дасць новы імпульс гістарычным даследаванням лёсу гэтага абраза.

Пасля канферэнцыі ў капліцы адбылася адпустовая святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. У сваёй гаміліі іерарх нагадаў пра значэнне Панны Марыі ў гісторыі збаўлення. Асаблівую ўвагу арцыпастыр звярнуў на «Fiat» Марыі — згоду з воляй Божай, якая з’яўляецца крыніцай усялякага поспеху.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што каранацыя не дадае славы Панне Марыі, бо яна Валадарка неба і зямлі. Аднак каранацыя з’яўляецца знакам удзячнасці і даверу вернага народу Маці Божай. «Нашы дзяды і прадзеды ўжо два з паловай стагоддзі гэта добра разумелі і жылі гэтай ідэяй, — адзначыў Мітрапаліт. — Прыклад Марыі і яе апека дапамагалі ім пераадолець усе цяжкасці, мужна зносіць цярпенні і жыць надзеяй. Іх цярпенні і нават мучаніцтва сёння прыносяць свае плёны. 20 гадоў таму былі адроджаны структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, што дало яму новыя магчымасці для развіцця».

Мітрапаліт заклікаў вернікаў заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і быць сведкамі Евангелля ў сучасным свеце. Для гэтага неабходна кожны дзень казаць «так» Богу, за што Ён напрыканцы жыцця скажа сваё «так» чалавеку, каб увайшоў у Яго Валадарства.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме