Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Курт Кох наведаў Інстытут тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла БДУ
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.11.2011 17:59

14 лістапада 2011 г. у Інстытуце тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха, які зараз прабывае з візітам у Беларусі, са студэнтамі і выкладчыкамі інстытута, а таксама з усімі, хто жадаў сустрэцца з ватыканскім іерархам і задаць яму пытанні.

У сустрэчы прымалі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Напачатку сустрэчы ўсіх прысутных прывітаў Генадзь Мікалаевіч Пятроўскі, прарэктар інстытута па вучэбнай частцы. Кардынал Курт Кох у сваёй прамове падзякаваў за магчымасць такой сустрэчы, таксама выказаў падзяку моладзі ў арганізацыі канферэнцыі, прысвечанай праваслаўна-каталіцкаму дыялогу, якая праходзіць у гэтыя дні ў Мінску. Іерарх распавёў аб працы ведамства, якое ўзначальвае, — Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Акрамя гэтага, прадстаўнік Ватыкана заахвоціў моладзь да працы на карысць міжканфесійнага дыялога.

Студэнты і ўсе жадаючыя мелі магчымасць задаць кардыналу Коху пытанні. Удзельнікі сустрэчы, між іншым, цікавіліся тым, які ўклад у развіццё дыялога Цэркваў можа зрабіць моладзь.

Напрыканцы сустрэчы кардынал Кох адзначыў, што цяпер, знаходзячыся ў Беларусі, ён бачыць, што адносіны паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам тут сапраўды вельмі добрыя. У гэтым, на думку іерарха, вялікая заслуга кіраўнікоў гэтых Цэркваў — Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Напрыканцы сустрэчы Мітрапаліт Кандрусевіч перадаў у падарунак Інстытуту тэалогіі Кампендый сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.