Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Бабруйску адзначылі 100-годдзе святыні (дададзены фотарэпртаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.09.2012 20:03

8 верасня 2012 г., у свята Нараджэння Марыі, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Бабруйск, дзе ўзначаліў св. Імшу з нагоды 100-годдзя касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. На ўрачыстую святую Імшу з’ехаліся госці з усёй Беларусі, духавенства і сёстры законныя, а таксама прадстаўнік Праваслаўнай Царквы. У гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў радасць вернікаў старажытнага Бабруйска, бо яшчэ пакаленне таму касцёл быў замкнёны і людзі не мелі магчымасці ў ім маліцца.

«Рэфрэн сённяшняга псальма — „Узвесяліцца душа мая ў Богу“ — вельмі добра выражае пачуцці нашых сэрцаў і душаў, бо мы святкуем юбілей святыні», — адзначыў іерарх.

«100 гадоў таму нашы продкі душой і сэрцам спявалі: з радасцю ўвайду ў дом Пана. Іх радасць была бязмежнай, бо ў горадзе з’явілася месца спаткання чалавека з Богам. Нездарма апякункай парафіі яны выбралі Марыю. Яны добра ведалі, што ў гісторыі збаўлення яна адыграла ключавую ролю. Яе нараджэнне, якое сёння святкуем, было знакам хуткага прыйсця на свет Збаўцы. Вернікі Бабруйска верылі, што гэты касцёл будзе спрыяць нараджэнню ў іх сэрцах Хрыста», — працягваў арцыпастыр.  

Аднак іх радасць не была доўгай, бо ўжо ў 1920 г. касцёл быў канфіскаваны атэістычнай уладай. Святыню забудавалі высокім будынкам, бо яе прыгожы выгляд не павінен быў нагадваць людзям пра Бога.

«Езус кажа: калі вы будзеце маўчаць, прамаўляць будуць камяні. І яны прамаўлялі доўгія дзесяцігоддзі, — адзначыў Мітрапаліт. — Касцёл стараліся схаваць, але нельга было схаваць веру. Людзі добра ведалі, што знаходзіцца за сценамі новага будынка. Калі часы змяніліся, яны мужна клапаціліся аб вяртанні святыні парафіі. І так сталася, хаця пабудаваны ў савецкія часы будынак па-ранейшаму закрывае касцёл і перашкаджае правядзенню набажэнстваў. Ужо даўно прыйшоў час вярнуць гістарычую справядлівасць і знесці гэты будынак, ад чаго з гістарычнага погляду выйграў бы і горад, і яго жыхары, і госці, асабліва ў перспектыве надыходзячага чэмпіянату свету па хакею».

100 гадоў з двухтысячагадовай гісторыі хрысціянства — гэта няшмат, тым больш, што касцёл дзейнічаў толькі 33 гады. Аднак, маючы на ўвазе абставіны, у якіх ён дзейнічаў, гэты перыяд з’яўляецца вельмі важным. «Адзін Бог ведае, колькі тут адбылося св. Імшаў, колькі споведзяў, колькі св. Камуній, колькі ласкаў атрымалі тут людзі. Нават калі ён быў замкнёны, ён заставаўся знакам надзеі. Калі б яго сцены маглі прамаўляць, то напэўна распавялі б многа цікавага», — разважаў іерарх.

Мітрапаліт скіраваў да прысутных пытанне: ці ўмеем мы карыстацца свабодай, якую маем у часы свабоды веравызнання? «Гэта вялікі дар і адначасова вялікае заданне, у выкананні якога нам дапамагае Марыя, — падкрэсліў іерарх. — Святкуючы Нараджэнне Марыі, мы ўсведамляем, што яна стала шляхам прыйсця на свет Збаўцы і з’яўляецца нібы каналам, па якім Божая ласка сыходзіць на чалавека».

Праз згоду з Божай воляй Марыя дала Пану магчымасць ажыццявіць свой збаўчы план. Сёння, як адзначыў арцыпастыр, Касцёл указвае на Марыю і заклікае браць з яе прыклад, асабліва праз згоду з Божай воляй. «Сёння мы, як нашы продкі, якія 100 гадоў таму паверылі ў дапамогу Марыі, таксама павінны паверыць, што і ў новых абставінах Бог нам можа дапамагчы, каб Хрыстус прыйшоў да нас і сваёю ласкай нарадзіўся ў нашых сэрцах, а праз нас — у сэрцах іншых людзей», — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Напрыканцы св. Імшы іерарх асвяціў новыя стацыі Крыжовага шляху, а таксама мемарыяльную дошку ў гонар сотай гадавіны смерці першага пробашча парафіі кс. Яна Красоўскага, які асабіста паспрыяў будаўніцтву касцёла. Арцыбіскуп нагадаў, якою цаною было адкуплена чалавецтва — праз крыжовую смерць і Уваскрасенне Хрыста. «Кожны чалавек павінен несці крыж свайго жыцця. Гэта нялёгка, асабліва ў наш час, калі ўсе хочуць жыць шчасліва, без цяжкасцяў і хваробаў. Аднак так не бывае. Святое Пісанне кажа, што жыццё чалавека — гэта даліна слёз. Марыя таксама несла крыж свайго жыцця. Але несла з верай. Так і мы павінны чыніць», — падкрэсліў арцыпастыр.

Мітрапаліт заклікаў вернікаў браць прыклад з Марыі, дзякаваць Богу за бабруйскі касцёл і не забываць дарогу да яго, каб там спаткаць Бога і несці Яго іншым, тым самым беручы ўдзел у евангелізацыі сучаснага ліберальнага свету.

Нягледзячы на тое, што свой юбілей святыня сустракала не ў першасным гістарычным  выглядзе, немагчыма было не заўважыць унутранай непарушнасці, адзінства парафіі, пабудаванай на цвёрдым і ўстойлівым камені жывой веры тых, хто закладаў і будаваў гэтую святыню сто год таму.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.