Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам Бабруйска |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
12.09.2011 14:30 |
11 верасня 2011 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Падчас святой Імшы 68 чалавек, у асноўным моладзь, прынялі сакрамэнт канфірмацыі. У гаміліі Мітрапаліт узгадаў словы гімну да Духа Святога, які аднаўляе зямлю. У гэтым кантэксце іерарх падкрэсліў, што не дастаткова мець добра развітую інфраструктуру, нават моцную гаспадарку, каб абнавіць аблічча зямлі, — для сапраўднага абнаўлення зямлі неабходна найперш абнавіць самога чалавека, бо якім будзе чалавек, такім будзе і свет. Нагадаўшы вернікам пра выклікі сучаснасці, асабліва пра адыход ад Бога ў сучасным свеце, арцыпастыр заклікаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб дазволіць Яму змяніць чалавека і гэтым самым змяніць аблічча зямлі. Іерарх таксама заахвоціў вернікаў імкнуцца да ўмацавання сваёй веры, якая павінна быць укаранёна ў Хрысце. Гэта азначае, па словах Мітрапаліта, што трэба імкнуцца быць заўсёды злучанымі з Хрыстом. Дарамі веры, як дадаў, таксама трэба дзяліцца з іншымі, і гэта місійнае заданне кожнага хрысціяніна. |
Фотарэпартаж |