Міністранты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разважалі над духоўнай падрыхтоўкай да Імшы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
08.01.2013 15:22 |
На пачатку новага каляндарнага года падчас зімовых вакацый адбыліся сустрэчы Літургічнай cлужбы алтара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на тэму «Духоўная падрыхтоўка да святой Імшы». Удзельнікі сустрэч мелі магчымасць праслаўляць Бога ў супольнай малітве, прыступіць да сакрамэнту пакаяння і актыўна правесці час. На гэты раз міністранты і кандыдаты сустрэліся 2 студзеня ў парафіі Св. Юзафа г. Маладзечна, а 3 студзеня — у парафіях Св. Мікалая ў Свіры і Св. Міхала Арханёла ў Івянцы. У цэлым у сустрэчах прынялі ўдзел каля 120 міністрантаў з Івянца, Пяршаяў, Нясвіжа, Налібакаў, Дзяржынска, Свіслачы, Вілейкі, Маладзечна, Краснага, Свіры, Нарачы, Крывічоў, Шэметава, Дзераўной, Валожына і Мінска. Сустрэчы распачыналіся супольнай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой прысутныя славілі Пана ў Гостыі. Затым падчас Эўхарыстыі ўдзельнікі спатканняў маглі з’яднацца з Ахвярай Хрыста — адзінага Збавіцеля свету. Пасля літургіі адбывалася дзяленне аплаткай на знак радасці з таго, што Хрыстус стаўся для нас і дзеля нас чалавекам, а таксама ўзаемнага прабачэння і перапрашэння. А падчас сустрэчы ў Свіры, паколькі парафія мае за нябеснага апекуна святога біскупа Мікалая, літургічная служба атрымала невялікія святочныя падарункі. Тэмай канферэнцый стала падрыхтоўка міністранта да святой Імшы. Кожны з удзельнікаў меў магчымасць падзяліцца асабістым вопытам, набытым у сваёй парафій. Была звернута асаблівая ўвага на тое, што без добрай падрыхтоўкі немагчыма належным чынам удзельнічаць у Эўхарыстыі свядома, актыўна, а перад усім — плённа. Сустрэчы закончыліся сумеснай малітвай пры ясельках Нованароджанага Збаўцы. Кс. Андрэй Кеўліч |
Фотарэпартаж |