Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Звеставання Пана: быць вернымі па прыкладзе Марыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.04.2013 20:36

«Няхай прыклад Марыі дапаможа нам заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, каб мы заўсёды згаджаліся з Божай воляй на хвалу Пана і збаўленне людзей», — пажадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Звеставання Пана. 8 красавіка іерарх узначаліў літургію ў мінскім архікатэдральным касцёле.

«Сённяшняе свята на самой справе з’яўляецца святам зачацця Езуса, — патлумачыў Мітрапаліт у гаміліі. — Гэта пачатак эры збаўлення. (…) Звычайна сённяшняе свята мы называем святам Звеставання Пана, звеставання таго, што Бог стаў чалавекам, звеставання таго, што Божая праўда ёсць сярод нас. Ад гэтага моманту не чалавечая, але Божая праўда дамінуе ў свеце. Гэтая праўда змяняе свет і перавышае праўду старажытных грэкаў, праўду егіпецкіх, індыйскіх ці кітайскіх мудрацоў».

«Марыя, прымаючы Божую волю, дазваляе Сыну Божаму прыйсці ў гэты свет, каб яго збавіць. Такім чынам яна становіцца ўдзельніцай Збаўлення, — адзначыў арцыпастыр. — Гэтая зямная істота дзякуючы сваёй ахвяры стала Божай Маці, якую мы цяпер праслаўляем у нябеснай славе. Прымаючы гэты крыж ахвяры — быць Маці Збаўцы, — Марыя дазволіла крыжу яе Сына прыблізіцца да чалавецтва. А гэтым крыжом мы былі збаўлены».

«Кожная ахвяра і кожны крыж, які мы прымаем згодна з Божай воляй, нясе духоўны плён, — дадаў іерарх. — Ахвяра Марыі, прымаючы Божую волю і гэтым самым даючы магчымасць Сыну Божаму прыйсці ў гэты свет у вобразе чалавека, вядзе да вечнасці».

«Fiat  Марыі стала пачаткам збаўлення. Яно з’яўляецца ключом да зразумення справы збаўлення чалавека і таксама ключом да вырашэння праблем чалавецтва і ключом да шчасця», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Поўны тэкст гаміліі Мітрапаліта>>>

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме