Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Івянцы адкрылася ІІІ Усебеларуская сустрэча моладзі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2013 20:26

26 ліпеня ў Івянцы ўрачыста адкрылася ІІІ Усебеларуская сустрэча моладзі. Падчас цырымоніі адкрыцця быў унесены ў працэсіі крыж як сімвал сустрэчы. Да моладзі звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Мы будзем духоўна яднацца з сабранай на Сусветным дні моладзі ў Бразіліі моладдзю з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі, а таксама з папам Францішкам, — сказаў Мітрапаліт, звяртаючыся да прысутных. — Дэвіз нашай сустрэчы такі ж, як і ў Рыа-дэ-Жанэйра: „Ідзіце і навучайце ўсе народы“».

Арцыпастыр адзначыў, што сёння «хрысціянства выглядае стомленым», яно «страціла свой дынамізм, не з’яўляецца прывабным для сучаснага чалавека і яго не захапляе». «У той жа час Евангелле заўсёды маладое, а слова Божае – дзейснае і актуальнае, — падкрэсліў іерарх. — Патрэбны новыя метады і спосабы яго абвяшчэння».

«Касцёл заклікае моладзь, якая атрымала святло веры ў сакрамэнце хросту, яго ўмацоўваць і праз сваё хрысціянскае сведчанне несці іншым, асабліва сваім аднагодкам», — дадаў Мітрапаліт.

«Сучаснае пакаленне моладзі – медыйнае, выхаванае на сродках масавай камунікацыі. Менавіта таму мас-медыя павінны стаць новым, эфектыўным інструментам новай евангелізацыі», — звярнуў увагу арцыбіскуп. Для евангелізацыі, па словах іерарха, важна таксама выкарыстоўваць пілігрымкі, падарожжы; неабходна і браць прыклад са святых.

«Нашай малітоўнай сустрэчы спадарожнічае святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, рэліквіі якой заўтра прыбудуць у Івянец. Заклікаю вас скіраваць свой духоўны позірк на яе, дазволіць ёй паказаць дарогу да святасці і стаць місіянерамі нашага часу», — звярнуўся Мітрапаліт да маладых вернікаў.

Поўны тэкст слова Мітрапаліта>>>

Арцыпастыр удзяліў усім прысутным благаслаўленне.

Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка.

Нагадваючы тэму сустрэчы ў Івянцы — «Ідзіце і навучайце» — біскуп адзначыў: «Калі мы выходзім у дарогу, то ў залежнасці ад таго, наколькі яна будзе доўгая, бярэм неабходнае. Што нам неабходна мець, як належным чынам трэба падрыхтавацца, каб гэтае заданне выканаць? Сведак веры павінен быць чалавекам малітвы».

Біскуп прапанаваў маладым вернікам паразважаць над перажываннем і ўспрыманнем малітвы. Іерарх раскрыў тэму барацьбы «новага» і «старога» чалавека, якія змагаюцца ў душы хрысціяніна. «Стары чалавек прасякнуты эгаізмам, эгацэнтрызмам, самалюбствам, пыхай, не здольны да бескарыслівага ўчынку ў адносінах да іншых. Ён здольны праявіць бачнасць прыязні, добразычлівасці, бескарыслівасці, але менавіта таму, што гэта прыемна – быць добрым у вачах людзей, — з гэтага ён адчувае глыбокае ўнутранае задавальненне, — адзначыў біскуп. — Новы чалавек перакрэслівае такія схільнасці, імкнецца вызваліцца ад эгацэнтрызму».

Іерарх звярнуў увагу на асаблівасці і ўмовы малітвы, пры якіх яна будзе сапраўднай.

«Калі хочам спаткацца з іншым чалавекам, то павінны мець для яго час. Першая ўмова – мець час для Бога, вызначыць час для Яго, таму выключаюся на пэўны час з усяго, пераходжу ў месца, дзе мне ніхто не перашкодзіць. Можа гэта быць капліца, касцёл альбо адкрытая прастора на прыродзе ці ў памяшканні. (…) Калі хтосьці прыходзіць са справай да мяне, а я не слухаю, з чым ён да мяне звяртаецца, то не маю пашаны да іншай асобы», — заўважыў біскуп.

«І ў хваробах, у небяспецы людзі здольныя маліцца. Але гэта найбольш дэфармаваная форма малітвы. Бо тады іх малітва – гэта спосаб пераканаць Бога, каб для іх штосьці зрабіў. Людзі спрабуюць схіліць Бога да сваіх спраў. Але гэта часам справы вельмі дробныя. (...) Якое наша ўяўленне аб Богу, каб такія дробныя рэчы Яму прадстаўляць? Можа, гэта момант даверу Богу, Яго дабрыні, можа, Пан Бог выслухоўвае часам такіх людзей, але нам тады вельмі далёка ад малітвы. Праўда, малітва просьбы – гэта асноўная малітва. Але сэнсам такой малітвы не з’яўляецца тое, каб Бог выканаў нашыя просьбы, але каб схіліў нашу волю, каб мы прынялі Божую волю і яе выканалі», — нагадаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Біскуп Антоні Дзям’янка пажадаў удзельнікам сустрэчы, каб яна стала «часам глыбокай задумы над малітвай, над сведчаннем веры ў свеце, над асабістай лучнасцю з Богам», «дапамагла з радасцю сведчыць аб Хрысце тым, каго спатыкаем на дарогах нашага жыцця».

Пасля Імшы адбыўся канцэрт «Музычнай майстэрні», якая кожны год праходзіць у Івянцы.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.