14 снежня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены прайшоў сімпозіум “Не пакіну цябе ажно да смерці”, арганізаваны Радай па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Сімпозіум быў прысвечаны тэме сям’і і сужэнства.
На пачатку сімпозіума былі акрэслены галоўныя праблемы сучаснай сям’і ў Беларусі і свеце. Гэта сужыццё, разводы, абортная практыка, сурагатнае мацярынства, беднае духоўнае выхаванне дзяцей. Грамадства дэградуе з хрысціянскага пункту гледжання, а добрая сям’я – гэта “антыбіётык на паталогіі сучаснасці”, як зазначыў ва ўступным слове да ўдзельнікаў сімпозіума Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Якую сям’ю мы маем сёння? Знікла малітва, не стала часу на блізкіх, кожны займаецца сваімі праблемамі. “Яшчэ зусім нядаўна веруючыя сем’і – бацькі і дзеці – штодзённа маліліся, а ў нядзелю разам ішлі на святую Імшу. Сёння яны едуць на прыроду, праводзяць цэлыя дні у гіпермаркетах”, – канстатаваў Мітрапаліт.
Як было зазначана, знікла ўзорная мадэль сям’і, на якую павінны арыентавацца падрастаючыя дзеці. У сувязі з гэтым пробашч парафіі Святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк акрэсліў наступную тэндэнцыю: мы “губляем хрысціян сярод студэнтаў”, якія паехалі вучыцца ў іншы горад.
Сярод выступаючых даклад “Актуальныя праблемы сям’і” прадставіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Пра ўплыў міграцыі на сям’ю нагадаў у сваім выступленні старшыня Рады па справах сям’і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
З тэмай “Сужэнства – шлях да святасці” выступіў вядомы ўкраінскі журналіст, філолаг, сацыёлаг і тэолаг Аляксандр Даброер. Ён падкрэсліў тыя асновы, на якіх павінна будавацца кожная сям’я: любоў, павага і вернасць, а таксама звярнуў увагу на існасць мужчыны і жанчыны. “Мужчына заўсёды шукае небяспек і рызыкі: ён хоча ваяваць. А калі не можа здзейсніць свае жаданні, гэта праяўляецца ў скажоным выглядзе: ён прыгнятае іншых людзей, сярод якіх могуць быць дзеці, жонка, падначаленыя. Жанчына ж хоча быць жаданай, хоча, каб за яе змагаліся кожны дзень. Нельга заваяваць жанчыну аднойчы, уступіць з ёй у сужэнскі саюз і “супакоіцца” – тады ён памрэ. Людзі павінны рухацца, інакш усё абрынецца”.
Аляксандр Даброер адказаў карэспандэнту партала Сatholic.by на некаторыя пытанні
- У сваім выступленні вы заўважылі, што “Бог стварыў нас, каб мы распазналі ў свеце адно аднаго і злучыліся саюзам любові”. Скажыце, а як распазнаць “свайго” чалавека?
- Я лічу, што гэта валявы акт. Мы прыглядаемся да розных людзей і ў пэўны момант вырашаем: так, напэўна, гэта “той” чалавек. Ёсць некалькі такіх рэчаў ці момантаў, якія я лічу знакавымі. Ты прымяраеш на сабе магчымасць пражыць з гэтым чалавекам усё жыццё. За вялікае шчасце, на мой погляд, мець веруючага спадарожніка. Гэта адна з прынцыповых каштоўнасцяў, якая дапамагае на нейкія моманты ў жыцці глядзець па-іншаму. Ты задумваешся, ці хочаш мець дзіця, падобнага да гэтага чалавека. Прычым ён не абавязкова павінен быць такім, як ты сам – можа быць абсалютна процілеглым табе. Галоўнае - жаданне быць разам. Жаданне раскрывацца і ўдасканальвацца побач з гэтым чалавекам.
- Што патрэбна рабіць, каб не памыліцца ў выбары спадарожніка/спадарожніцы жыцця?
- Да сужэнства патрэбна рыхтавацца. Рыхтуюцца стаць сталяварамі, аўтамеханікамі, настаўнікамі, але не рыхтуюцца жыццю ў сям’і. Здаецца, што там умець? Дурная справа няхітрая. Разбярэмся: мы ж кахаем адно аднаго. На самой справе, сужэнства – гэта доўгі шлях. А на шляху здараецца рознае. Адпраўляючыся ў падарожжа, трэба ведаць, што пакласці ў свой заплечнік: можа пагаснуць свет – таму патрэбны ліхтарык, можа быць холадна – трэба ўзяць запалак, каб распаліць касцёр. Калі не замочыце запалкі, распаліце касцёр.
Сёння ў Мінску і ў Гродне дзейнічаюць Школы сямейнага жыцця. Рух “Сужэнскія сустрэчы” рэгулярна арганізуе для маладых пар рэкалекцыі з мэтай паглыблення і аднаўлення еднасці і любові ў сям’і. Удзельнiкамi могуць быць усе жадаючыя сужэнствы, нягледзячы на канфесiйную прыналежнасць, узрост і стаж шлюбнага жыцця. З нядаўняга часу гэтым рухам праводзяцца сустрэчы з закаханымі. Таксама ў Мінску існуе рух братоў капуцынаў, які носіць назву “Сужэнскі дыялог”. Прадстаўнікі ўсіх пералічаных арганізацый і рухаў прысутнічалі на сімпозіуме.
На завяршэнне сімпозіума ўдзельнікі падзяліліся на групы, у якіх разважалі над хвалюючымі пытаннямі. У выніку прыйшлі да наступных высноў:
- У Беларусі сярод моладзі існуе крытычны паказчык сужыцця. - Часам сужыццё або самотнасць тлумачыцца страхам перад сужэнствам, адказнасцю, стратай свабоды. Варта мець у грамадстве добрыя прыклады. - Усе праблемы ідуць ад сэрца, пераходзячы да цела. - Не трэба баяцца звяртацца пры сямейных крызісах да святароў. - Душпастырская апека прадугледжвае супольную працу: сустрэчы, рэкалекцыі, супрацоўніцтва са святаром і іншымі сем’ямі. - Важна адрадзіць традыцыі сямейнай вячэры, дыялогу, сумеснай малітвы. - Сямейны дабрабыт трымаецца на трох “кітах”: малітва, трапеза і ложак.
Таксама падчас сімпозіума ўдзельнікі падзяліліся аплаткай і склалі адзін аднаму святочныя віншаванні. Сімпозіум завяршыўся святой Імшой.
Ангеліна Пакачайла, AG
|