Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасхальны Трыдуум у Магілёве разам з біскупам Юрыем Касабуцкім
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.04.2014 14:36

Вечарам ў Вялікую пятніцу, 18 красавіка, у Магілёве ў парафіі Святога Казіміра і Ядзвігі адбылося набажэнства Крыжовага шляху, а пасля — літургія Мукі Пана. Крыжовы шлях і Літургію ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Юрый Касабуцкі. У літургіі прыняў удзел пробашч парафіі а. Раман Шульц OP і вернікі горада.

Вялікая пятніца — гэта адзіны дзень у годзе, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя, а адбываецца літургія Мукі Пана. У гаміліі біскуп Мінска-Магілёўскі Юрый Касабуцкі, звяртаючыся да вернікаў, указаў на вялікае значэнне любові ў нашым жыцці, толькі дзякуючы якой можна зразумець таямніцу крыжа. Іерарх падкрэсліў словы Хрыста, што «ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Таксама біскуп нагадаў вернікам аб слабасцях чалавека, яго папсаванасці грахамі і аб тым, што менавіта Вялікая пятніца вядзе нас з Езусам на Галгофу, дзе памірае Ён за нашы грахі, каб нас вызваліць з іх палону, каб даць нам сілы падымацца зноў і зноў посля кожнага падзення.
 
Біскуп Юрый Касабуцкі сказаў, што існуе цесная сувязь паміж ахвярай крыжа і ахвярай алтара – Святая Камунія, якая з'яўляецца нашай ежай дзеля жыцця вечнага. Біскуп заклікаў вернікаў, каб знаходзілі хоць крыху часу для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. А падчас адарацыі крыжа, каб дзякавалі Хрысту за любоў і ласку збаўлення, прасілі аб тым, каб даваў сілы быць вернымі крыжу Пана.

На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу. У Вялікую Суботу ў 11.00 біскуп Юрый Касабуцкі паблагаславіў стравы на Велікодны стол.

У раніцу Уваскрасення Пана, 20 красавіка, святочную Імшу ў Магілёве ў парафіі Святога Казіміра і Ядзвігі ўзначаліў таксама біскуп Юрый Касабуцкі.

Біскуп прывітаў вернікаў і заахвоціў іх ісці за Уваскрослым Хрыстом ва ўсіх абставінах жыцця. Па словах іерарха, тэма ўваскрасення з'яўляецца актуальнай заўсёды.

У велікодную нядзелю жанчыны шукалі цела, мяркуючы, што гэта садоўнік скраў яго, былі занепакоеныя сумненнямі, праўда гэта або не, спрабавалі зразумець, што значыць «паўстаць з памерлых». Каб не было сумненняў, Езус аб'яўляўся апосталам некалькі разоў, яны паверылі, і першае, што сталі рабіць — абвяшчаць Слова Божае. Іхнія казанні былі кароткімі :«Ён жыве, Ён уваскрос!»

Па словах біскупа, «Бог прагне збаўлення кожнага, нават самага зацвярдзелага ў граху грэшніка, дзеля гэтага Ён прыняў мукі. «Біскуп Юрый Касабуцкі падкрэсліў, што вера без учынкаў з'яўляецца мёртвай, што ў сённяшнім свеце робяцца спробы пераацэнкі маральных каштоўнасцяў. Свята Пасхі нагадвае нам, хрысціянам ХХІ стагоддзя, што мы павінны абвяшчаць і сведчыць пра Хрыста сваім жыццём, тым самым несці праўду Уваскрасення іншым людзям.

На заканчэнне супольнага святкавання велікоднай раніцы біскуп пажадаў парафіянам, каб яны “перажылі спатканне з Уваскрослым Езусам, ішлі абвяшчаць Яго сваім жыццём, учынкамі i выкананнем Яго запаведзей”. Пасля Святой Імшы, Біскуп Юрый уручыў узнагароды ўдзельнікам мастацкага конкурсa: «Любоў Бога для чалавека».

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.