На сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзгадалі кс. інфулата Станіслава Кучынскага (абноўлена) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
18.09.2014 17:57 |
Пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла 18 верасня ў мінскай архікатэдры. Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, было нагадана, што ў гэты дзень адзначаюцца імяніны кс. інфулата Станіслава Кучынскага. Сёлета прыпадае 100-гадовы юбілей з нараджэння гэтага святара. У гаміліі Мітрапаліт нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл успамінае св. Станіслава Костку, езуіта, кананізаванага ў 1726 годзе, які святасцю свайго жыцця, духоўнай сталасцю і малітоўнымі практыкамі стаў прыкладам для іншых. Iмяніны гэты святар адзначаў якраз ва ўспамін святога Станіслава Косткі. Арцыпастыр узгадаў, што ў тыя далёкія часы да кс. Кучынскага ў гэты дзень з’язджаліся святары з усёй Беларусі. Іх сустрэча ўключала ў сябе духоўнае разважанне, абмен інфармацыяй і Імшу, і гэта быў прататып сучасных пастырскіх сустрэч. Мітрапаліт заклікаў прысутных памаліцца ў інтэнцыі кс. Станіслава Кучынскага ў дзень яго імянін у знак удзячнасці яму і «памятаць аб нашых каранях, аб тых святарах, якія ў цяжкія гады пераследу веры мужна змагаліся з атэістычным Чарнобылем». «Калі б не было святароў, падобных да ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага і да іншых падобных да яго, то не было б і нас», — дадаў іерарх. Як зазначыў арцыбіскуп, «хрысціянскае пасланне базуецца на веры ў смерць і ўваскрасенне Хрыста, якую мы паасобку і ў хрысціянскай супольнасці вызнаём. У гэтым пасланніцтве мы павінны быць слугамі, — сказаў Мітрапаліт. — Такім слугою быў ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі». Арцыпастыр прыгадаў, як у 1990 г. прапанаваў яму пасаду рэктара новаўтворанай духоўнай семінарыі ў Гродне. У той час у віленскім шпіталі кс. Кучынскаму ампутавалі нагу. «Нягледзячы на тое, што быў стары, хворы і без нагі, ён згадзіўся, кажучы: калі мяне патрабуе Касцёл у новай якасці, то я павінен яму служыць», — дадаў іерарх. Мітрапаліт пажадаў удзельнікам пастырскай сустрэчы, каб вучэнне Папы Францішка, жыццёвы прыклад ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага і заступніцтва святога Станіслава Косткі дапамаглі ім у служэнні людзям. У межах пастырскай сустрэчы Мітрапаліт нагадаў пра галоўныя падзеі мінулага лета – урачыстасці ў Нацыянальным санкутарыі ў Будславе, музычную майстэрню, Малітоўную сустрэчу моладзі і парафіяду ў Івянцы. Таксама арцыпастыр зрабіў некалькі аб'яў адносна бягучых падзей у Касцёле, сярод якіх Кангрэс святога Ружанца, які пройдзе ў межах Годy малітвы ў Беларусі ў кастрычніку. Наступная пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе 16 кастрычніка ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля (Серабранка), яе ўзначаліць дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. (AG) |
Фотарэпартаж |