Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цішыня і засяроджанасць — літургія Мукі Пана адбылася ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.04.2015 00:04

Вечарам у Вялікую пятніцу, 3 красавіка, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася літургія Мукі Пана. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у ёй прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і шматлікія вернікі горада.

Вялікая пятніца — адзіны дзень у годзе, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя, але адбываецца багатая па змесце літургія Мукі Пана. Для гэтай літургіі, у якой узгадваецца мука і смерць Хрыста, характэрна засяроджанасць і цішыня.

На пачатку літургіі Мукі Пана святары кладуцца перад алтаром тварам уніз, а вернікі моляцца на каленях, усведамляючы такім чынам сваю грэшнасць перад Богам. Падчас гэтай літургіі гучыць чытанне Мукі Пана, а таксама адбываецца адкрыццё крыжа, які быў на працягу Вялікага посту закрыты заслонай. Вернікі ўшаноўваюць Хрыстовы крыж, па чарзе падыходзячы да яго.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, прыгадаў апошняе слова Езуса перад скананнем — "здзейснілася», якое для ўсіх на той момант абазначала канец. «Яго паўтаралі фарысеі, члены Сінэдрыёна, Пілат і рымскія жаўнеры. Для ўсіх іх гэта быў канец. Яны так казалі або думалі, бо нарэшце гэты рэвалюцыянер памёр і больш не будзе бунтаваць людзей. Для габрэяў Ён быў блюзнерам. Для рымлянаў — прычынай беспарадкаў», — сказаў арцыбіскуп.


Потым Мітрапаліт разважаў над значэннем крыжа, які «для няверуючых - толькі спілаванае дрэва, а для тых, хто верыць, — пачаткі новага жыцця».

Разважаючы пра крыж, які арцыбіскуп назваў першай катэхезай для сотніка, які прабіў дзідаю Божы бок, іерарх параўнаў бок Езуса з келіхам Божай міласэрнасці, з якога ў той момант пралілася кроў і вада. А сотнік паверыў у Бога адразу ля падножжа.

Таксама, ужо напрыканцы гаміліі, іерарх яшчэ раз прыгадаў слова Езуса "Здзейснілася", і падкрэсліў, што яно ні ў якім выпадку не азначала паразу, але толькі перамогу "над грахом, смерцю і злым духам".

Таксама арцыбіскуп дадаў, каб памяталі пра міласэрнасць Езуса, Яго міласэрны позірк, які прабіваецца праз цярновую карону, якім Ён глядзеў на сваю Маці і Яна, а таксама на разбойніка, які паміраў побач на крыжы і якому Хрыстус сказаў, што ўжо сёння будзе ў раі, бо паверыў, паспеў паверыць.

На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў грабніцу, якая сімвалізуе тую, дзе знаходзіўся пасля смерці Езус.

Прысутныя вернікі ў гэтую пятніцу затрымліваюцца на малітве каля гэтай грабніцы. У гэты раз у катэдры прысутныя маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, а калі гэта малітва скончылася, то многія яшчэ доўга не пакідалі святыню.

У засяроджанасці, на рэшце рэшт спыніўшыся і пакінуўшы мітусню горада і штодзённых абавязкаў, стаялі перад Цішынёй, якая прынясе плады, што ўвасобяцца ў радасці Уваскрасення.

(AG),(AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.