Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распараджэнне Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аб правядзенні Навэнны перад біскупскім пасвячэннем кс. Аляксандра Яшэўскага
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.06.2015 17:05

9 чэрвеня 2015 г. Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі шаноўнага святара-cалезіяніна Аляксандра Яшэўскага SDB і даручыў яму пастырскую апеку над вернікамі Магілёўскай вобласці.

З вялікай радасцю Каталіцкі Касцёл на Беларусі і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія прынялі гэту вестку. Прызначэнне новага біскупа – гэта вялікі дар і адначасова новая надзея для далейшага адраджэння Касцёла на Магілёўшчыне. Гэта таксама знак павагі Пантыфіка да нашай краіны.

Кансэкрацыя біскупа наміната Аляксандра Яшэўскага SDB адбудзецца ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 27 чэрвеня 2015 г. у 10.00. Да гэтай значнай падзеі ў жыцці Мінска-Магілёўскага Касцёла неабходна належным чынам падрыхтавацца як арганізацыйна, так і духоўна.

Заклікаю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў маліцца ў інтэнцыі біскупа наміната Аляксандра Яшэўскага SDB, яго падрыхтоўкі да біскупскага пасвячэння і плённага пастырскага служэння ў Касцёле.

У сувязі з гэтым загадваю ва ўсіх парафіях і манаскіх супольнасцях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 18-26 чэрвеня 2015 г. правесці адмысловую Навэнну, падчас якой памаліцца наступным чынам:

Добры і ласкавы Божа!

Ты ў сваім Провідзе пасылаеш Касцёлу сваіх пастыраў.

Пакорна Цябе просім, міласціва глянь на Твайго слугу біскупа наміната Аляксандра Яшэўскага SDB, які рыхтуецца да біскупскага пасвячэння. Дапамажы яму сваёй ласкай, каб, як наступнік апосталаў, з моцаю і радасцю абвяшчаў Божае слова, адважна вучыў веры і яе бараніў, цэлебруючы сакрамэнты асвячаў людзей, мудра выконваў заданне кіравання, ахвярна служыў усім людзям, клапаціўся пра хворых і абяздоленых, бараніў Богам устаноўлены інстытут сям’і і дар жыцця, моладзі ўказваў евангельскі шлях і ўсім даваў надзею.  

Давяраючы яго апецы Марыі Успамогі хрысціян, просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Ойча наш…
Вітай, Марыя…
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому…

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 9 чэрвеня 2015 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.