Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB адчыніў Святыя Дзверы ў магілёўскай катэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.12.2015 11:33

13 снежня адбылося адкрыццё Cвятых Дзвярэй у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Урачыстасць пачалася святой Імшой у парафіі Св. Казіміра і св. Ядзвігі, якую цэлебраваў біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку Імшы іерарх адзначыў: «Тое, што заўсёды хвалявала чалавецтва — гэта недахоп справядлівасці паміж людзьмі, паміж калектывамі, паміж народамі. Адсутнасць справядлівасці была і застаецца прычынай канфліктаў і войнаў аж да сённяшняга дня. Сёння паўстае само сабой пытанне: ці дастаткова адной толькі справядлівасці для таго, каб свет стаў больш чалавечным? Святы Айцец Францішак не аднойчы падкрэсліваў, што адной справядлівасці недастаткова».

Пасля святой Імшы і ўступнага набажэнства перад капліцай урачыстая працэсія ў складзе больш за 100 чалавек вырушыла з «польскіх» могілак у кірунку магілёўскай катэдры. Працэсію ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, у ёй таксама прынялі ўдзел кс. Дзмітрый Пухальскі — канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ў гэтыя дні праводзіў рэкалекцыі ў катэдральнай парафіі Магілёва, кс. Віталій Драздоўскі — дэкан Магілёўскага дэканату і пробашч катэдральнай парафіі, а. Ежы Вяжхоўскі CMF — віцэ-дэкан Магілёўскі і пробашч парафіі Св. Антонія ў Магілёве, а. Раман Шульц ОР — пробашч парафіі Св. Казіміра і св. Ядзвігі, законныя сёстры з Магілёва і Бабруйска і шматлікія вернікі парафій Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў.

А 11-й гадзіне працэсія прыбыла да катэдры, дзе больш чым паўтысячы чалавек чакалі моманту ўрачыстага адкрыцця «Брамы Божай Міласэрнасці». Біскуп Аляксандр Яшэўскі, звяртаючыся да вернікаў, падкрэсліў: «Сённяшні дзень, калі з прывілею Святога Айца ў нашай старажытнай і спакутаванай рознымі пераследамі магілёўскай катэдры я адчыняю дзверы, як “Браму Божай Міласэрнасці” для нашых умілаваных жыхароў Магілёўшчыны, паказвае нам на сапраўдную справядлівасць — Божую справядлівасць, якая з’яўляецца сапраўднай, бо звязана з Божай міласэрнасцю і Божым прабачэннем».

З вялікім хваляваннем, са слязьмі на вачах людзі ўваходзілі ў катэдру, каб удзельнічаць у святой Імшы і прасіць Бога аб міласэрнасці для сябе і ўсяго свету.

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў: «Міласэрнасць не азначае слабасць Бога. У ёй выяўляецца Яго ўсемагутнасць. Распачаты Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці ў Адвэнт паказвае нам, што гэты час якраз і дапамагае нам лепш зразумець Божую міласэрнасць. Езус Хрыстус – Бог і Чалавек, бязвінны, самы добры сярод сыноў чалавечых — прыходзіць на чалавечую зямлю, каб прадстаць перад несправядлівасцю ўсяго свету. Падумаем: чым з’яўляецца кожны грэх? Ён з’яўляецца несправядлівасцю і ў адносінах да Бога, і ў адносінах да іншага чалавека. Менавіта таму Бог сурова асуджае грэх. Ён самы справядлівы, але адначасова — гэты справядлівы Бог “не жадае смерці грэшніка, але каб ён навярнуўся і меў жыццё” (Эз 33, 11), таму Ён уцелаўляецца, каб самому ўзяць на сябе грахі нашыя. Езус сам прымае пакаранне за нас, ратуе нас, дае нам новае жыццё, паказвае тым самым, што для нас, людзей, з’явіўся шанец быць сапраўднымі Божымі дзецьмі і любіць адзін аднаго».

Разважаючы пра Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці, іерарх сказаў: «Год Міласэрнасці — гэта дар ласкі, а праход праз Святыя Дзверы азначае адкрыццё глыбіні міласэрнасці Айца, які прымае ўсіх і выходзіць кожнаму насустрач. Прабітае сэрца Езуса, з якога выплылі кроў і вада — гэта гарантыя Божай Міласэрнасці. Пане Езусе Хрысце, навучы кожнага з нас нястомна прымаць Божую Міласэрнасць і перадаваць яе нашым бліжнім».

Напрыканцы святой Імшы на моцы прывілею, удзеленага Папам Франйцішкам усім біскупам на гэты дзень, біскуп Аляксандр Яшэўскі ўдзяліў поўны адпуст і апостальскае благаслаўленне, а вернікі ў духу ўдзячнасці памаліліся ў інтэнцыях Святога Айца, каб адтрымаць адпуст, усклікаючы: «Езу, давяраем Табе».

Кс. Віталій Драздоўскі, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.