Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Юбілейную ўрачыстасць для сужэнцаў, сем’яў і супольнасці «Хатні Касцёл» адзначылі ў Магілёўскім рэгіёне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.12.2015 23:25

27 снежня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве, які стаў Юбілейнай святыняй Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці, у свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, адбылася юбілейная ўрачыстасць сужэнцаў, сем’яў і супольнасці «Хатні Касцёл» Магілёўскага рэгіёну.

Узначаліў урачыстасць біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.

У каментарыі да літургіі Алена Латушкіна, якая разам з мужам Аляксандрам адказваюць за супольнасць «Хатні Касцёл» у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адзначыла, што «ў сённяшні крызіс сям’і і сужэнства Святая Сям’я з’яўляецца для нас прыкладам жыцця, заснаванага на любові і ўзаемным даверы», і «гэта прыклад для многіх сужэнстваў, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці і праблемы, варта яшчэ раз даверыць і дараваць, каб зноў будаваць Божую сям’ю».

Больш за 40 сужэнскіх пар з Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў на пачатку святой Імшы прайшлі ва ўрачыстай працэсіі за біскупам Аляксандрам Яшэўскім праз Святыя Дзверы як «Браму Божай Міласэрнасці». У сваім прывітальным слове іерарх адзначыў, што ў Магілёўскім рэгіёне «запланавана некалькі мерапрыемстваў, якія маюць на мэце дапамагчы розным рэлігійным рухам, групам, аб’яднанням і паасобным вернікам адкрыць новы досвед Божай любові і міласэрнасці і ўцелаўляць яго ва ўласным жыцці». «Сёння, у свята Святой Сям’і, такі досвед перажываюць сужэнцы, сем’і і члены супольнасці “Хатні Касцёл” нашага рэгіёну», - дадаў біскуп і заклікаў усіх памаліцца ў інтэнцыі сем’яў рэгіёну, «каб, нягледзячы на розныя цяжкасці, яны заўсёды былi моцнымi Богам і ўмелі праяўляць міласэрнасць ў сужэнскім жыцці».

Пасля гаміліі сужэнскія пары, стаўшы пасярэдзіне катэдры, зноў, як некалькі гадоў таму альбо нядаўна, падалі адно аднаму правую руку, паглядзелі адно аднаму ў вочы і паўтарылі за біскупам словы аднаўлення сужэнскай прысягі. У іх вачах стаялі слёзы, а радасць дзяцей, якія з захапленнем глядзелі на сваіх бацькоў, пацвярджала ўзнёсласць гэтага моманту. Музыка Шуберта «Авэ Марыя» суправаджала і момант, калі сужэнцы адзявалі адно аднаму пярсцёнкі як бачны знак шлюбнай прысягі.

Біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну, дзякуючы напрыканцы Імшы пробашчу кс. Віталію Драздоўскаму, вікарыю кс. Паўлу Беразуну і супольнасці «Хатні Касцёл» за падрыхтоўку юбілейнай урачыстасці, пажадаў усім сем’ям і сужэнствам магілёўскай зямлі «заўсёды быць сапраўднымі Божымі дзецьмі, якія запрашаюць у сваё жыццё Езуса і па прыкладу Святой Сям’і ствараюць адносіны, поўныя любові, веры і надзеі на Божую дамагогу і ласку». «Жадаю нястомна выбіраць тых, хто з’яўляецца вельмі важным для вас і так неабходным у зямным вандраванні да Божага Валадарства. Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці заклікае нас да адновы і іншага шляху ў сямейным і сужэнскім жыцці. У добры шлях, новы шлях, дарагія сем’і, сужэнствы і члены супольнасці “Хатні Касцёл” нашай умілаванай Магілёўшчыны. Божага вам благаслаўлення на гэты цудоўны і благаслаўлёны шлях», – дадаў іерарх.

Біскуп пажадаў, каб гэты Юбілей стаў добрай традыцыяй для сем’яў Магілёўшчыны збірацца ў свята Святой Сям’і ў катэдральным касцёле ў Магілёве на сумесную малітву за сем’і.

Юбілейную ўрачыстасць дапоўніў канцэрт гурта «Небасхіл» з мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля, які спецыяльна прыехаў упрыгожыць гэтую падзею.

Яшчэ адным момантам перажывання Юбілею для ўдзельнікаў стала аплаткавая сустрэча супольнасці «Хатні Касцёл» у магілёўскай парафіі Св. Антонія.

Удзельнікі ўрачыстасці дзякуюць за гэтае цудоўнае і неабходнае свята для сем’яў Магілёўшчыны Богу і Яго Найсвяцейшай Маці, Каралеве сем’яў.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.