16 студзеня адбылася сустрэча сем’яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яе
ключавым момантам стала праходжанне праз Брамы Міласэрнасці мінскага
архікатэдральнага касцёла — Юбілейнай святыні ў Надзвычайны Год Божай
Міласэрнасці — і аднаўленне шлюбных абяцанняў падчас Эўхарыстыі.
«Стась!» — кліча Людміла Асіпацкая, даганяючы мужа, які ўжо спыніўся і чакае, каб разам з жонкаю ісці ад Чырвонага касцёла да белага, як часам народ называе мінскую архікатэдру. Станіслаў і Людміла Асіпацкія ідуць так разам ужо 50 гадоў і клічуць адно аднаго за сабою. Яны паядналі свае шляхі з трэцяга курса ўніверсітэта, у 1966 годзе.
Людміла – праваслаўная, якая ў студэнцтве свядома прыняла хрост, а яе хросным бацькам стаў праваслаўны святар. Станіслаў — католік.
«У 1994 годзе, 12 лютага, — удакладняе Станіслаў, — мы ўзялі з Людмілаю шлюб у касцёле».
«Мы даўно хацелі гэта зрабіць, — тлумачыць Людміла, — але, калі пайшлі да праваслаўнага бацюшкі, то той патрабаваў, каб Станіслаў перайшоў у праваслаўе, а калі пайшлі да каталіцкага святара, то той таксама казаў, што не абвянчае, пакуль я не перайду ў каталіцва. А на той момант я так не магла зрабіць, бо свой хрост прымала ўжо дарослай, прыйшла да гэтага самастойна і свядома.
У вырашэнні гэтай справы мы маліліся перад іконай Маці Божай у царкве Пятра і Паўла на Нямізе. І справа вырашылася. На шчасце, мы паразмаўлялі з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком, які сказаў, што сакрамэнт сужэнства мы можам атрымаць, я магу заставацца праваслаўнай, а святы мы павінны шанаваць і адной канфесіі, і другой». Ідучы да архікатэдры, пара ідзе бадзёра, працягваючы расповед пра сваю сям’ю. З гонарам расказваюць пра двух сыноў, якія ахрышчаны ў касцёле, але таксама ажаніліся з праваслаўнымі. Людміла прыгадвае пра рух «Святло-жыццё», у якім удзельнічае іх сям’я, калі раптам Станіслаў вокамгненна робіць снежку і шпурляе яе ў машыну, якая праязджае каля іх.
«Ты іх ведаеш?» — пытаюцца ў яго тыя, хто ідзе побач.
«Не! — хітра і радасна кажа Станіслаў і дадае: — Ды яны таксама з супольнасці!»
Людміла і ўсе, хто бачыць штукарства Станіслава, ідуць і смяюцца, ловячы пухнаты снег, які з раніцы ідзе і дадае зімовага настрою.
Набліжаецца той момант, калі сем’і пройдуць праз Браму Міласэрнасці. Катэдра зусім блізка.
На парозе перад Брамамі Міласэрнасці Станіслаў папраўляе каўнер і паліто Людміле, каб не ўвайшла ў архікатэдру заснежанай. «У кожнай прысутнай сям’і — юбілей»
Праз Брамы Міласэрнасці ў гэты дзень увайшло шмат сем’яў, многія прыехалі разам з дзецьмі. Сем’яў, якія ў 2015-2016 гг. адзначаюць юбілей сужэнскага жыцця, было каля 40.
Найбольшы юбілей — 55 гадоў разам — сярод прысутных аказаўся ў Казіміра і Гэлены Жаўнаркевіч з парафіі Божага Цела ў Мінску. Гэта пара абвянчалася ў 1961 годзе. Каб здзейсніць гэты забаронены ў савецкія часы сакрамэнт, Казімір і Гэлена, «ды трэці Пан Бог», як дадае жанчына, паехалі ў Нясвіж.
Яшчэ адной парай, якая разам паўстагоддзя, аказаліся Пётр і Гэлена Фрыдэ.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў Імшу, сказаў: «У кожнай прысутнай сям’і — юбілей, бо кожны год сумеснага сужэнскага жыцця – гэта юбілей». Кажучы пра важнасць падмурку сям’і, якім з’яўляецца любоў, здольнасць да самаахвяры і прысвячэнне іншаму, біскуп заўважыў, што ў т.зв. пробных саюзах, грамадзянскіх шлюбах, шлюбных кантрактах няма месца любові. Па словах іерарха, у такіх сучасных і даволі распаўсюджаных формах няшлюбнага, але сумеснага сужыцця мужчыны і жанчыны не можа развівацца асоба, якая ўтаймовае сваё «я» для іншага, прысвячае яму сябе.
Біскуп адзначыў той факт, што ў Беларусі «праслаўляецца сям’я», вітаецца і падтрымліваецца шматдзетнасць.
Напрыканцы гаміліі іерарх запрасіў усіх прысутных сужэнцаў прыгадаць той момант, калі яны сталі перад алтаром, каб скласці сужэнскую прысягу. Мужы і жонкі, выйшаўшы на цэнтр касцёла, падалі адно аднаму рукі і паўтарылі словы, якія казалі тады. На фотаздымку: Пётр і Гэлена Фрыдэ
«Бог павінен быць самым галоўным у сям’і»
Напрыканцы Імшы пары-юбіляры атрымалі адмысловыя пасведчанні з благаслаўленнем ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Пасля Эўхарыстыі Гэлена Мінькоўская з Маладзечна, якая са сваім мужам Францішкам разам 40 гадоў, падзялілася парадай:
«Трэба берагчы. Сям’я — гэта вялікая каштоўнасць, якую людзі часамі не разумеюць да канца. Каб сям’я выконвала місію, прызначаную Богам, то Ён павінен быць самым галоўным у сям’і.
Калі ты памятаеш пра любоў і пра Божую волю, то абавязкова будзеш рабіць, абмінаючы свае выгоды. Часамі паплачаш сам, але зробіш так, каб у іншага гэтых слёз не было». Гэлена крыху замаўкае, а потым на яе вачах заўважаецца шчырая ўсмешка, і яна працягвае:
«І яшчэ маё асабістае, што трымае ад дрэннага ўчынку ці зрыву. Я як толькі ўяўлю, што гэтага чалавека не стане і я не паспею яму сказаць, не прабачыць яму якуюсьці дробязь, то мяне ахінае жах...
І яшчэ... Мы з маім мужам жывем разам ужо 40 гадоў, а мне яго хочацца дагэтуль трымаць за руку, нават калі ўвечары молімся». Аксана Ючкавіч
|