Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Гасанна Сыну Давіда»: інсцэніраваная працэсія ў Пальмовую нядзелю з удзелам асляняці прайшла каля мінскай архікатэдры (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.03.2016 16:49

Нядзельны ранак выдаўся на славу: сонца, марознае паветра і шмат снегу, насыпанага за ноч. І ніяк не верылася, што гэты сапраўдны зімовы дзень — Пальмовая нядзеля.

Той дзень, калі вернікі прыгадваюць урачысты ўваход Езуса ў Ерузалем, жыхары якога ў знак прывітання сустракалі Хрыста, махаючы аліўнымі і пальмовымі галінкамі.


Чаму Езус ехаў на асляняці?


У Ерузалем Хрыстус ехаў на асляняці, такім чынам як бы даючы зразумець, што прыбывае з мірам (сімвалам вайны ў той час лічыўся конь).

А людзі, вітаючы Хрыста, слалі Яму на дарозе вопратку і пальмoвыя галінкі, усклікаючы: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».

У напамін пра той гістарычны момант побач з мінскім архікатэдральным касцёлам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 20 сакавіка сабралася не толькі шмат вернікаў з упрыгожанымі галінкамі вербаў у руках, але, на радасць самым маленькім, было і асляня ў суправаджэнні біблейскіх герояў. На асляняці сядзеў юнак у вобразе Хрыста.


Дзеці з уважлівасцю і захапленнем сачылі на аслянём падчас працэсіі. На чале працэсіі ішоў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з вялікай самаробнай пальмай, якую іерарху прэзентавалі парафіяне касцёла Святога Духа ў Вільнюсе, дзе арцыпастыр праводзіў велікапосныя рэкалекцыі.



«Віталі пальмамі, а праз некалькі дзён крычалі: “Укрыжуй!”»

У святой Імшы прымалі ўдзел сотні вернікаў. Архікатэдра ледзь магла змясціць усіх ахвотных — многія стаялі побач са святыняй.

Шмат дзяцей прыйшло і да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які падчас Імшы (Імша а 10-й гадзіны прызначана ў архікатэдры найперш для дзяцей) звярнуўся да дзяцей з гаміліяй.


Дзеці ў сваю чаргу бездакорна адказвалі амаль на ўсе пытанні арцыпастыра: чаму Езус прыбыў у Ерузалем на асле, а не на кані? Што сімвалізуе вярба? Чаму патрэбна рабіць добрыя ўчынкі?

Чытайце таксама:

Іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на кантраст набажэнства Пальмовай нядзелі, выражаны ў словах «Гасанна» і «Укрыжуй».

«Людзі віталі Хрыста ў Ерузалеме, праслаўляючы Яго, але тыя ж людзі праз некалькі дзён ужо крычалі зусім іншае: “Укрыжуй!..”, — адзначыў, звяртаючыся да дзяцей, арцыбіскуп Кандрусевіч. — Мы ведаем, што ёсць дабро, але ёсць і зло. І калі мы паводзім сябе дрэнна, не слухаемся, робім шкоду і не робім дабра — мы становімся падобнымі да тых людзей, якія крычалі: “Укрыжуй!”»

Мітрапаліт дадаў, што ў непастаянстве культуры натоўпу, якую падкрэслівае літургія Пальмовай нядзелі, бачна чалавечая любоў і адначасова нянавісць. «Гэта не што іншае, як супярэчнасці нашага жыцця», — падкрэсліў іерарх.

«Падзеі Вялікага тыдня дапамагаюць нам адкрыць праўду пра нас саміх, што вельмі важна для нашага збаўлення. Да гэтага нас заклікае сённяшняя літургія, у якой мы распазнаём сябе саміх, як тых, якія праслаўляюць Бога і якія адначасова адмаўляюцца ад Яго», — заключыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Што рабіць з вербамі пасля асвячэння?

Пачатак святкавання Пальмовай нядзелі паходзіць з VІ стагоддзя, калі на Святой Зямлі з Бэтаніі да Ерузалема пачала праходзіць традыцыйная працэсія з галінкамі пальмаў.

Звычай асвячаць галінкі пальмаў, а таксама вербаў з’явіўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі. Традыцыйна асвечаныя галінкі вербаў вернікі пасля вяртання са святыні ў Пальмовую нядзелю клалі за крыжы ці абразы, каб зберагчы дом ад няшчасцяў. Перад Папяльцовай серадой пасохлыя галінкі вербаў прыносяць у касцёл ізноў, каб зрабіць з іх попел.

Пальмовую нядзелю, або Нядзелю Мукі Пана, акрамя вернікаў Рыма-Каталіцкага Касцёла адзначаюць у гэты дзень таксама грэка-католікі і пратэстанты.

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.