Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша Хрызма ў мінскай архікатэдры: «Ці хочаце яшчэ больш з’яднацца з Езусам?»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.03.2016 15:15

Устанаўленне святарства і Эўхарыстыі, якія непарыўна звязаны паміж сабою, узгадваецца ў Вялікі чацвер, калі цэлебруецца Імша Хрызма. 24 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску ў гэтай Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прынялі ўдзел і ўрачыста аднавілі святарскія абяцанні душпастыры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На Імшы быў прысутны таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

У час гэтай Імшы каля алтара Пана збіраюцца святары, але ўдзельнічаюць у ёй і вернікі, якія моляцца ў інтэнцыі сваіх душпастыраў.


У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных паразважаць над таямніцай Божай Міласэрнасці — «найважнейшай прыкметай Бога і рэальным праяўленнем Яго любові да чалавека».

Прыгадваючы словы з «Дзённіка» Апосталкі Божай Міласэрнасці — Фаўстыны Кавальскай, — дзе Езус прасіў яе звяртацца да святароў і гаварыць пра Яго неcпасцігальную міласэрнасць, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў святароў быць распарадчыкамі Божай міласэрнасці праз сакрамэнты пакаяння, Эўхарыстыі і прапаведванне Божага слова.

Споведзь — гэта калі галеча душы сустракаецца з Божай міласэрнасцю

Арцыбіскуп падкрэсліў, спасылаючыся на «Дзённік» Фаўстыны Кавальскай, што «праўда аб Божай міласэрнасці, як найважнейшай прыкмеце Бога, становіцца даступнай найперш у сакрамэнце пакаяння, у якім для кожнага чалавека адкрываецца крыніца міласэрнасці. Святары, як спаведнікі, з’яўляюцца асаблівымі пасрэднікамі ў перадачы Божай міласэрнасці і спасланні яе на душы людзей. Таму іх місія ў сакрамэнце паяднання незаменная, і яны павінны з радасцю яе выконваць».

Узгадваючы словы Папы Францішка, якія Святы Айцец прамовіў 9 лютага 2016 г. на сустрэчы з Місіянерамі міласэрнасці, арцыбіскуп падкрэсліў, якой павінна быць пастава святара да грэшнікаў: «неабходна браць грэшнікаў у свае абдымкі, ахінаць іх плашчом міласэрнасці і быць сведкамі блізкасці Бога і Яго нічым не абмежаванага спосабу любові да чалавека, якім і ёсць міласэрнасць». А таксама памятаць, што першымі грэшнікамі, якіх Езус сустракае, выслухоўвае, прабачае і суцяшае Езус у канфесіянале, з’яўляюцца самі святары.

Быць сапраўднымі айцамі, а не суддзямі, заклікаў арцыпастыр святароў, каб праз іх служэнне магла спаўняцца мацярынская і айцоўская місія Касцёла, а кожны чалавек праз сакрамэнт пакаяння мог атрымліваць сапраўдную свабоду, становячыся перад праўдай, якой бы балючай і невыгоднай яна ні была.

Аднаўленне святарскіх абяцанняў

Аднаўленне абяцанняў аддана служыць Богу і людзям праз дар святарскага паклікання — адзін з важных момантаў гэтага дня. Прыгадаць тое, што абяцаў, каб умацавацца і не скарыцца перад выпрабаваннямі абранага шляху і ў паўнаце спаўняць сваё прызначэнне не толькі з абавязку, але з любові і радасці.

«Ці хочаце яшчэ больш з’яднацца з Езусам, пабожна і з верай несці Хрыста люду, не прагнучы выгодаў… Ці хочаце?» — гучалі пытанні да святароў, з вуснаў якіх чуліся кароткія адказы: «Хачу. Хочам».

Пасля адбылося асвячэнне алею, які выкарыстоўваецца для намашчэння хворых.

Напрыканцы Імшы адбылася кансэкрацыя яшчэ аднаго алею — алею хрызма, які выкарыстоўваецца пры ўдзяленні сакрамэнту хросту, святарства і пасвячэнні ў біскупы на працягу ўсяго года.

Перад благаслаўленнем, якое ўдзялілі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі, Мітрапаліт пажадаў святарам «уваходзіць у жыццё людзей, як тым, хто гэтае жыццё нясе».

«Мы ўзяты з вас і для вас пастаўлены, каб маглі выканаць ускладзеныя Божым Провідам заданні», — дадаў, звяртаючыся да ўсіх вернікаў, іерарх, пажадаўшы прымаць надыходзячае свята Уваскрасення Хрыста як свята, якое заклікае заўсёды імкнуцца за Панам, каб разам з Ім уваскрасаць.

(AYU)

Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.