Імша Хрызма, якую ўпершыню цэлебраваў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адбылася ў Магілёве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.03.2016 16:08 |
24 сакавіка, у Вялікі чацвер, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбылася Імша Хрызма, якую ўпершыню цэлебраваў біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB. На Імшу прыбылі святары Магілёўскай часткі архідыяцэзіі і законныя сёстры. На пачатку біскуп прывітаў усіх прысутных і павіншаваў духавенства з днём устанаўлення святарства. Іерарх адзначыў, што Вялікі чацвер збірае на гэтую святую Імшу біскупаў і прэзбітэраў ва ўсіх катэдрах каталіцкага свету. «Таксама і мы сабраліся разам у нашай старажытнай магілёўскай катэдры, каб дзякаваць Богу за дар пакліканя да святарства і за выбранне, якое мы, нявартыя, атрымалі як ласку ад Яго. Сабраліся, каб перапрашаць за свае слабасці і недахопы, а таксама маліць Усемагутнага падтрымліваць нас моцай Духа Святога і адарыць наш Касцёл новымі і святымі пакліканнямі», - сказаў біскуп.
Віншуючы святароў ад свайго імя, ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, іерарх адзначыў: «Сёння, у дзень устанаўлення святарства, я хачу вельмі шчыра падзякаваць вашым бацькам, і жывым, і тым, хто адышоў па вечную ўзнагароду ў небе, што прынялі дар вашага жыцця і разам з ім перадалі вам веру. Падзякаваць за дапамогу ў распазнанні вашага шляху, які падрыхтаваў Бог, і за тое, што ніколі ў гэтым выбары не перашкаджалі, а наадварот, падтрымлівалі малітвай і сваім цярпеннем».
«Абвяшчэнне гэтай Праўды патрабуе ад вас адвагі, але памятайце, што вы не адны. Святы Дух дзейнічае ў вас, бо Яго мы атрымалі ў сакрамэнце святарства. Мы ўжо дзейнічаем Ягонай сілай і ад імя Касцёла, які падтрымлівае нас двума тысячагоддзямі існавання, - адзначыў іерарх. - Ёсць у гісторыі нашай магілёўскай зямлі прыклады сведкаў, якія за Праўду аддалі жыццё. Памятаем пра іх асабліва тады, калі нас не разумеюць, калі веру нашу ігнаруюць, а з нашай паслугі здзекуюцца, як гэта неаднойчы было ў жыцці пастыраў нашай зямлі. Углядаемся ў іх таксама і тады, калі падступіцца спакуса выгадна ўладкаваць сваё жыццё, ідучы на кампраміс з гэтым светам, з ягонымі законамі і правіламі гульні».
(AG) |
Фотарэпартаж |