Вялікую пятніцу, 25 сакавіка, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава вернікі пачалі перажываць з інсцэніраванага Крыжовага шляху, які падрыхтавала моладзь парафіі пры падтрымцы с. Веры MSW і які ўзначаліў біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB.
Каб прайсці шлях разам з Езусам, каля катэдры сабралася шмат вернікаў. На пачатку іерарх сказаў, што «падчас Крыжовага шляху ў Вялікую пятніцу мы жадаем быць не проста тымі, хто назірае, а тымі, хто суперажывае з Езусам і жадае аблегчыць Яго пакуты». 
«Таксама падчас гэтага Крыжовага шляху і мы хочам узяць свой крыж, моўчкі, без нараканняў, поўныя адвагі і веры, як Езус, каб наш уласны крыж стаў прыладай жыцця і збаўлення, а таксама месцам, дзе мы пазнаём веліч міласэрнасці Бога», – дадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
У гэты Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці дапамогай, каб паглыбіцца ў разважанні Крыжовага шляху, сталі святая сястра Фаўстына, апосталка Божай Міласэрнасці, і яе размовы з Езусам, апісаныя ў «Дзённіку». 
Пасля Крыжовага шляху адбылася літургія Мукі Пана, падчас якой біскуп, усе прысутныя святары і вернікі ўшанавалі крыж, на якім Езус здзейсніў збаўленне свету.
У гаміліі іерарх нагадаў: «Крыж, як прылада і знак ганьбы, дзякуючы Езусу стаў знакам любові і міласэрнасці. Ён суправаджае нас праз усё жыццё, пачынаючы ад сакрамэнту хросту і заканчваючы крыжам, які стаіць над магілай чалавека, нагадваючы аб яго існаванні. Таму даражым крыжaм, ушаноўваем яго і прызнаёмся, што мы дзеці Укрыжаванага Бога, які з любові да нас аддаў сваё жыццё».

Напрыканцы літургіі Мукі Пана біскуп Аляксандр Яшэўскі ва ўрачыстай працэсіі перанёс Найсвяцейшы Сакрамэнт у сімвалічную грабніцу, дзе ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі.
(AG)
|