| 
  Урачыстай Імшой Пасхальнай вігіліі пачалося святкаванне Уваскрасення Пана ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве. Літургію ўзначаліў біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB. 
Пасхальная вігілія – вяршыня ўсяго літургічнага года, найважнейшая цэлебрацыя на яго працягу. У ёй узгадваецца ноч Уваскрасення Хрыста, перамогі над грахом і смерцю. Гэтая багатая па змесце літургія складаецца з некалькіх частак: літургіі святла, літургіі слова, хросту і Эўхарыстыі.  
  Літургія святла: каб Пан застаў нас у чуванні
  Звонку касцёла біскуп Аляксандр Яшэўскі здзейсніў благаслаўленне агню, ад якога быў запалены новы пасхал – сімвал Хрыста.
  У радасным велікодным пасланні жыхарам горада, сабраным на Імшы, і ўсяму свету дыякан Дзяніс Бразінскі прамовіў, што Хрыстус сапраўды ўваскрос і, як узыходзячае сонца, абвяшчае, што Ён святло свету і хто ідзе за Ім, не прабывае ў цемры, але ўваскрэсне разам з Ім.
  Літургія слова: выйсці з няволі граху праз смерць і ўваскрасенне Хрыста
  Літургія слова падчас Імшы пасхальнай вігіліі асабліва багатая. Прагучалі некалькі чытанняў, у якіх паказаны розныя падзеі гісторыі збаўлення, каб пераканаць слухачоў, як патрэбна было ўмяшальніцтва самога Бога ў Езусе Хрысце і як яно здзейснілася.
  
  Літургія хросту: нарадзіцца да новага жыцця, якое трывае вечна
  Біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў сабраных у касцёле адрачыся ад сатаны, “які ёсць галоўнай прычынай граху”. Таксама ўдзельнікі Імшы вызналі веру ў Таго, хто мае моц і ўладу над усялякім стварэннем.
  Праз святы хрост людзі ўключаюцца ў смерць і ўваскрасенне Хрыста. Таму падчас гэтай Імшы вернікі аднавілі свае абяцанні хросту. У Літаніі да Усіх Святых духавенства і вернікі прасілі заступніцтва святых, каб заўсёды мець моц трываць у гэтых абяцаннях.
  
  Эўхарыстычная літургія: дар невымоўнай Божай любові
  Кульмінацыйным момантам стала эўхарыстычная літургія, якая з’яўляецца не толькі ўспамінам, але і ажыццяўленнем таямніц жыцця Хрыста сярод людзей; дарам невымоўнай Божай любові, у якім чалавек можа сапраўды прымаць самога Пана.
  На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаў вернікам святочныя віншаванні, пажадаўшы, каб Уваскрослы Хрыстус рaбіў іх здольнымі даваць сведчанне сваім штодзённым жыццём, дзелячыся з бліжнімі радасцю Евангелля.
  Пасля святой Імшы адбылося малітоўнае чуванне, якое падрыхтавала моладзь парафіі.
 
  
 |