«Гэта наш год!»: сябры каталіцкіх дабрачынных арганізацый адзначылі Год Міласэрнасці ў мінскай катэдры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.04.2016 23:40 |
Вернікі і кансэкраваныя асобы, якія здзяйсняюць справы міласэрнасці, сабраліся на сустрэчу ў мінскім архікатэдральным касцёле і прынялі ўдзел у святой Імшы. Узначаліў Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Суботні ранак у Мінску выдаўся дажджлівым і хмарным, аднак цёплай і светлай была атмасфера ў касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут сабраліся дзясяткі людзей, якія сваёй працай і верай сведчаць свету пра Хрыста і перадаюць Ягоную любоў тым, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу.
Перад святой Імшой адбылося аднаўленне абяцанняў сябраў «Легіёна Марыі». Пажылыя і маладыя, жынчыны і мужчыны ішлі да аквілы (штандарта) супольнасці і да выявы Панны з кветкамі пад песні ў Яе гонар. Айцец Сяргей Трысцень OCD правёў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым адбылася кароткая прэзентацыя каталіцкіх дабрачынных супольнасцяў і арганізацый. «Гэта наш год, той Год Міласэрнасці, які абвясціў Папа Францішак. Зараз мы пакліканы яшчэ больш плённа дзяліцца тым, што самі атрымліваем ад Бога задарма — любоўю», — сказаў дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі айцец Андрэй Жылевіч OFM Cap.
Асобна ў кароткім інтэрв'ю а. Андрэй Жылевіч распавёў Catholic.by пра эпізод, які глубока ўзрушыў яго: «Некалькі месяцаў таму мы паехалі ў Салігорск у адзін з цэнтраў, дзе лечацца дзеці з сіндромам Даўна. Гэта быў адзін з першых маіх выездаў у якасці дырэктара. І гэтыя дзеці паказвалі нам сваю творчасць — малюнкі, цікавыя вырабы, зробленыя ўласнымі рукамі. Яны зладзілі кароткае прадстаўленне, спявалі і танчылі. Цяжка было ўявіць, што дзеці з такой цяжкай хваробай могуць так прыгожа танчыць, так прыгожа ўсміхацца. Яны ўклалі ў гэты танец, у гэты спеў для нас усе свае сілы, увесь свой талент. Складана перадаць, якім моцным святлом распаўсюджваецца ад іх радасць». «Не наша заслуга, што мы робім нашу працу, але Бог злітаваўся над намі тым, што даў пакліканне да гэтай працы», — сказала прадстаўніца «Легіёна Марыі» Галіна Калевіч падчас сваёй кароткай прэзентацыі. Пробашч мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ксёндз Юрый Санько прадставіў відэаролік і распавёў пра місію «Чыстае сэрца», якая перш за ўсё скіравана на працу з моладдзю ў дзіцячых дамах і праблемнымі падлеткамі.
«Каталіцкая міласэрнасць — у тым, каб даць чалавеку не тое, што ён хоча, але тое, у чым ён мае патрэбу», — адзначыла сястра міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля Наталля Сакалова, падсумоўваючы нарыс амаль 400-гадовай драматычнай гісторыі жаночага ордэна апостальскага жыцця. «Цалкам ахвяраваць сябе малітве, быць бескарысным, забыць пра сваё асабістае — гэтага хоча ад нас Пан Бог», — сказала Аліна Новікава, якая распавяла пра гісторыю і дзейнасць Місіі Маці Божай Фацімскай. У гэты дзень вядомая ўсёй каталіцкай Беларусі дырэктар выдавецтва «Pro Christo» таксама адзначала свой дзень народзінаў, і ўсе сабраныя павіншавалі яе гучнымі воплескамі. Падчас святой Імшы ў гаміліі айцец Андрэй Квяцінскі OFM Cap таксама засяродзіўся на тэме сапраўднай хрысціянскай міласэрнасці, грунтуючыся на «Залатым правіле», якое даў Езус вучням. Святар звярнуў увагу на розніцу паміж секулярным ці паганскім разуменні міласэрнасці і міласэрнасцю хрысціянскай.
«Мы павінны быць міласэрнымі не таму, што гэта прынясе нам нейкае дабро ў будучыні, не для таго, каб залагодзіць нейкую правіну, не таму, што бедныя і хворыя побач — гэта некамфортна для нас, небяспечна і непрыгожа... Бачыць Хрыста ў бедным і хворым, нават самым вялікім грэшніку, і любіць Хрыста ў гэтым патрабуючым чалавеку — вось адзіная магчымасць быць міласэрным па-хрысціянску», — сказаў айцец Андрэй Квяцінскі. Пасля Імшы прысутныя былі запрошаны ў дольны касцёл на супольны святочны пачастунак, падчас якога маглі лепш пазнаёміцца, пасябраваць і падзяліцца досведам працы. |
Фотарэпартаж |