У першую суботу месяца, 2 красавіка, у актаве Вялікадня адбылася чарговая, пятая аўтобусная пілігрымка з Мінска ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, дзе ў Юбілейны Год адчынены брамы Божай міласэрнасці.
На гэты раз у Будслаў прыбылі таксама вернікі з Мядзельскага дэканата. Колькасць пілігрымаў з кожным месяцам паступова ўзрастае, прычым далучаюцца і праваслаўныя вернікі. Шмат пілігрымаў, якія прыбываюць у Будслаў, належаць да розных рухаў і супольнасцяў у Касцёле: «Каштоўная пярліна», «Легіён Марыі», «Сужэнскія сустрэчы» і іншыя.
Пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай невыпадкова прыпала на дзень перад святам Божай Міласэрнасці і на 11-ю гадавіну з дня смерці Папы Яна Паўла II. Святы Ян Павел II асабліва ўшаноўваў Найсвяцейшую Панну Марыю і заклікаў быць міласэрнымі да бліжніх, таму што перамагчы ўсялякае зло ў сучасным свеце магчыма не зброяй, а толькі любоўю. Падчас святой Імшы а 12-й гадзіне вернікі спявалі радаснае «Аллелюя» і праслаўлялі Бога Усемагутнага за ўсе святыя дары і атрыманыя ласкі, асабліва за надзею на збаўленне праз хвалебнае Уваскрасенне Хрыста. Святую Імшу цэлебравалі святары з Будслава, з Мінска, а таксама тыя, якія прыбылі ў Будслаў з Мядзельскага дэканата з нагоды ўрачыстасцяў Божай міласэрнасці.
У гаміліі святар асабліва звяртаў увагу на тое, каб кожны вернік задаў сабе пытанне, ці падобны ён сёння да Божай Маці ва ўсіх Яе цнотах і да Айца Нябеснага. Адзначалася, што, каб быць падобнымі да Айца Нябеснага, патрэбна быць міласэрнымі да бліжніх – міласэрнымі, як Айцец. Гэта азначае ўзрастаць у любові, заўсёды мець адкрытае сэрца на патрэбы бліжніх і ім дапамагаць, а не канцэнтравацца толькі на ўласных жаданнях, патрэбах і меркаваннях.
Пасля заканчэння Імшы ўсе прысутныя ў святыні мелі магчымасць наблізіцца да алтара і ўшанаваць рэліквіі святога Яна Паўла II, спецыяльна прывезеныя ў Будслаўскі санктуарый на дзень яго ўспаміну. Пасля Імшы пілігрымы правялі спецыяльнае набажэнства першых субот месяца – Фацімскі Ружанец, – далучыўшы разважанні святой сястры Фаўстыны Кавальскай, якія яна запісала ў сваім Дзённіку «Божая міласэрнасць у маёй душы». У ружанцовай малітве гучалі заклікі перапрашэння за знявагі і блюзнерствы, накіраваныя супраць ушанавання Божай Маці.
А 15-й гадзіне, у час Божай Міласэрнасці, вернікі супольна памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам Вяночак да Божай Міласэрнасці, ахвяруючы Айцу Спрадвечнаму «Цела і Кроў, душу і боскасць» Яго «Наймілейшага Сына і Пана нашага Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашы і ўсяго свету».
Потым яшчэ 15 хвілін трывала ціхая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Кожны вернік мог асабіста прадставіць Езусу Хрысту свае просьбы і падзякі, а таксама падзякаваць Божай Маці за Яе нястомную апеку і дапамогу.
Напрыканцы кожны ўдзельнік мінскай пілігрымкі атрымаў ад святара памятку «Нястомны пілігрым Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе». Наступная падобная пілігрымка ў Будслаў адбудзецца 7 мая, у першую суботу месяца.
Ад’езд аўтобусам з Мінска ў 9 гадзін ад касцёла свв. Сымона і Алены.
Запісацца ў пілігрымку можна ў сакрыстыі касцёла або па нумарах:
8029 246 62 97 (мтс), 8025 618 17 50 (life) Уладзімір Вайцяховіч 8033 337 44 95 (мтс) Ірына Жук 8029 557 08 27 (мтс) Анастасія-Алена Блусянкова
Анастасія-Алена Блусянкова, фота аўтара
|