Міністранты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі здзейснілі пілігрымку да Брамаў Міласэрнасці ў мінскую архікатэдру |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.05.2016 21:28 |
7 мая ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску ў межах Года Божай Міласэрнасці адбылася юбілейная малітоўная сустрэча ўдзельнікаў Літургічнай службы алтара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сустрэчы прыняло ўдзел каля 100 міністрантаў з 21 парафіі, сярод іншых са Свіры, Краснага, Шэметава, Нарачы, Мядзеля, Дзяржынска, Будслава, Маладзечна, Нясвіжа, Нарачы, Засвіра і г.д. У гэты ж дзень у магілёўскай катэдры паралельна праходзіла юбілейная малітоўная сустрэча для міністрантаў Магілёўскага рэгіёна. «Гэта пакліканне — быць міністрантам»
Сустрэча пачалася з канферэнцыі, у якой кс. Юрый Санько распавёў пра ролю міністрантаў у жыцці сучаснага Касцёла, а таксама нагадаў пра абавязкі Літургічнай службы алтара і іх важнасць. «Быць міністрантам — гэта пакліканне, не кожны можа ім стаць, — заўважыў кс. Юрый Санько. — Абавязкі міністрантаў не абмяжоўваюцца толькі службай пры алтары: фармацыя міністранта як прыкладнага хрысціяніна працягваецца і ў звычайным жыцці — як у сям’і, так і ў школе». Пасля супольнай малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці і Ларэтанскай літаніі ўдзельнікі сустрэчы аднавілі міністранцкія абяцанні.
Кульмінацыяй сустрэчы стала пілігрымка міністрантаў да Брамаў Міласэрнасці ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з мэтай атрымаць поўны адпуст і далейшая святая Імша ў інтэнцыі Літургічнай службы алтара. Шлях да Брамаў Міласэрнасці пралягаў цэнтральнымі вуліцамі сталіцы: праз пр. Незалежнасці і вул. Леніна. На ўваходзе ў Брамы Міласэрнасці архікатэдральнага касцёла ўдзельнікаў сустрэчы вітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якія пакрапіў міністрантаў святой вадой.
У святой Імшы, якую ўзначаліў іерарх, прымалі ўдзел святары з розных парафій архідыяцэзіі. Святыня была запоўнена маладымі тварамі міністрантаў, апранутых у белыя комжы. У гаміліі Мітрапаліт распавёў пра ідэю Юбілейнага Года Міласэрнасці і яго мэты, адзначыўшы, што пры выкананні ўсіх умоваў можна атрымаць поўнае прабачэнне грахоў і ахвяраваць яго за каго-небудзь з блізкіх. «Будзьце тымі, хто нясе Хрыста ў сваім жыцці» Таксама арцыбіскуп распавёў удзельнікам сустрэчы пра свае міністранцкія гады, калі дзецям і моладзі да 16 гадоў без суправаджэння бацькоў або апекуноў не дазвалялася хадзіць у касцёл, не кажучы ўжо пра магчымасць прыслугоўваць святару на Імшы.
Іерарх прыгадаў, што за службу пры алтары маглі сарваць фотаздымак міністранта з дошкі гонару (калі міністрант быў прыкладным вучнем) або выклікаць яго бацькоў у школу. «Аднак, нягледзячы на гэта, бацькі пасылалі сваіх дзяцей у касцёл і цешыліся, калі яны былі міністрантамі. Усё гэта гартавала ў веры і служэнні Богу», — адзначыў Мітрапаліт. Акрамя таго, арцыпастыр засяродзіўся над этымалогіяй слова «міністрант», якое паходзіць ад лацінскага слова «міністр», што азначае слуга. Арцыбіскуп заахвоціў міністрантаў браць прыклад з Марыі, якая была слугой Бога і бліжняга. Мітрапаліт пажадаў удзельнікам сустрэчы сведчыць жыццём пра сваё міністранцкае пакліканне, каб, беручы з іх прыклад, іншыя людзі, асабліва іх сябры і аднагодкі, прыйшлі да Бога і жылі моцнай верай. «Будзьце тымі, хто нясе Хрыста ў сваім жыцці», — заахвоціў прысутных іерарх.
|
Фотарэпартаж |