У мінскай архікатэдры прайшло закрыццё Святых Дзвярэй (+фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.11.2016 17:00 |
13 лістапада ў Беларусі, як і ва ўсіх краінах свету, на завяршэнне
Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў катэдрах і юбілейных святынях
праходзіць закрыццё Святых Дзвярэй. Важкія дзверы мінскай архікатэдры на
працягу года былі адной з такіх Брам Міласэрнасці, і 13 лістапада яны
былі сімвалічна зачынены. Напамінам пра гэты час надзвычайнай Божай ласкі застануцца памятныя знакі Года Міласэрнасці, якія ў дзень закрыцця Святых Дзвярэй былі ўмураваны ў сцены мінскай архікатэдры і некаторых іншых юбілейных святыняў Беларусі.
Падчас урачыстага набажэнства з нагоды заканчэння Юбілейнага Года, а таксама святкавання 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай Мітраполіі некаторыя вернікі былі адзначаны ганаровымі граматамі за ўклад у гэтае адраджэнне. Сярод уганараваных былі тыя, хто, молячыся ў спёку і мароз ля сакральных будынкаў, «адваёўваў» былыя касцёлы, хто на працягу гэтых 25 гадоў дзейсна супрацоўнічаў с Касцёлам, а таксама тыя, хто вяртаў людзям Божае слова праз друк і духоўную кнігу (выдавецтва «Про Хрысто»), хто працаваў над літургічнымі тэкстамі на беларускай мове, якія сёння гучаць ва ўсіх касцёлах Беларусі (Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ).
Святую Імшу на завяршэнне Юбілейнага Года ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Мы прызвычаіліся да ўпрыгожанага фасаду нашай катэдры і да таго, што кожны дзень, праходзячы праз яе дзверы, якія сталі Брамай Міласэрнасці, мы маглі атрымаць поўны адпуст. Але на ўсё свой час, і сёння трэба развітвацца з гэтай брамай і з Юбілейным Годам Божай Міласэрнасці», — звярнуўся да прысутных арцыпастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў Беларусі супала з Сярэбраным Юбілеем адраджэння іерархічных структур Касцёла і ўстанаўлення св. Янам Паўлам II Мінска-Магілёўскай мітраполіі, што, па словах іерарха, «дало новы імпульс і магчымасці для развіцця нашага Касцёла». «Вялікае пасланне Юбілейнага Года заключаецца ў тым, каб зведаць тое, што наш Бог міласэрны. Гэта азначае, што Ён не абыякавы да нашых праблем і бярэ іх у сваё сэрца, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста з’яўляюцца найвышэйшым праяўленнем Божай міласэрнасці. Вядучая думка Юбілейнага Года заключалася ў тым, каб пазнаць ідэю міласэрнасці як галоўную прыкмету Бога, дасведчыць яе і ажыццяўляць у штодзённым жыцці». Міласэрнасць Бога, як дадаў арцыпастыр, «нікім і нічым не абмежавана», «міласэрнасць Бога — гэта не што іншае як Яго адказнасць за нас, бо Ён жадае нам дабра». Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на завяршэнне Надзвычайнага Юбілейнга Года Божай Міласэрнасці. «Калі Бог міласэрны, то і мы павінны быць такімі», — заклікаў іерарх, а таксама пажадаў, каб «адзінай канкурэнцыяй паміж намі была канкурэнцыя ў тым, чыя любоў мацнейшая». Урачыстае набажэнства на завяршэнне Юбілейнага Года стала падзякай мінскай каталіцкай супольнасці за гэты час. Для многіх юбілейная катэдра ў Мінску ў апошнія дванаццаць месяцаў стала месцам ледзь не штодзённых малітваў. Многія прыязджалі сюды з іншых гарадоў, каб атрымаць адпуст за сябе або за памерлых.
Год Міласэрнасці ў Беларусі скончыўся, аднак, ёсць надзея, плёны яго будуць трываць праз сведчанне тых, хто імкнуўся спазнаць міласэрнасць Айца і цяпер не можа ёй не дзяліцца. Завяршэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле і закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбудзецца 20 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету.
Валянціна Грамыка, (DN) Фота Аляксандры Шчыглінскай і кс. Кірыла Бардонава |
Фотарэпартаж |