Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падчас Імшы Вячэры Пана: «Хто любіць, той хоча служыць іншаму як Езус» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.04.2017 09:19 |
У Вялікі чацвер, 13 красавіка, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу Вячэры Пана ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Напачатку Імшы дзеці, моладзь і прадстаўнікі дарослых парафіян павіншавалі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, а таксама святароў, якія нясуць служэнне ў катэдральнай парафіі, — пробашча кс. Віталія Драздоўскага, вікарыя кс. Дзяніса Бразінскага — і пробашча парафіі Божай Міласэрнасці кс. Вадзіма Сурвілу з нагоды ўстанаўлення ў гэты дзень Езусам сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння. Дзеці прыгатавалі інсцэніроўку прыпавесці пра сейбіта і пажадалі біскупу і прэзбітэрам нястомна сеяць зерне Божага слова і каб глеба была заўсёда ўрадлівай. Ад свайго імя і імя прэзбітэраў біскуп падзякаваў за віншаванні і заклікаў да нястомнай малітвы за святароў, асабліва аб новых пакліканнях да службы Божай у якасці прэзбітэра. Пан Бог прысутны ў постаці хлеба У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў вернікам аб прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага ў табэрнакулюме, які з’яўляецца святым месца, дзе б’ецца сэрца Езуса. «Кожны раз, калі мы прыходзім у святыню, вечная лампадка, якая зіхаціць прыгожым чырвоным агеньчыкам, нагадвае нам аб рэальнай прысутнасці Бога ў постаці хлеба. А мы, стаўшы на калені і вітаючы Хрыста, вызнаём нашу веру, што Ён сапраўды тут прысутны ў сваім праўдзівым Целе і Крыві. Гэтую праўду мы таксама вызнаём калі перад благаслаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі спяваем "Таямніцу Сакрамэнта, усхваляем шчыра ўсе..." Гэтыя ж самыя словы будзем і сёння спяваць Богу, калі панясём у працэсіі Найсвяцейшы Сакрамэнт да цямніцы, каб там чуваць пры Езусе». Як дадаў іерарх, «дзеля здзяйснення і выканання Новага Запавету Езус бярэ сваіх апосталаў, сядае з імі за стол у Вячэрніку і спажывае пасху — новую Пасху, бо хлеб становіцца целам Хрыста, а віно — кроўю Езуса»: «І ўсё гэта дзеля нас людзей, каб нас збавіць, падтрымаць на дарозе да неба, каб нас ачышчаць і нястомна асвячаць праз Эўхарыстыю і святарскае служэнне!» — заключыў біскуп Яшэўскі. Хто любіць, той хоча служыць іншаму Напрыканцы гаміліі біскуп пажадаў усім прысутным вучыцца ад Хрыста любіць па-сапраўднаму: «Хто любіць, той хоча быць прысутным у жыцці іншага як Езус. Хто любіць, той хоча з’яднацца з іншым, каб ствараць адзінства як Езус. Хто любіць, хоча стаць дарам для іншага як Езус. Хто любіць, той хоча служыць іншаму як Езус. Сіла такой вялікай любові няхай будзе для кожнага з нас Эўхарыстыя, бо гэта не толькі таямніца ў кансэкрацыі хлеба і віна, ў прыняцці ежы для вечнага жыцця, ў кантэмпляцыі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, але і таямніца ў наследаванні штодзённасці і для жыцця паводле яе». Падчас Імшы Вячэры Пана адбыўся абрад абмыцця ног 12 апосталам, які здзейсніў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Сярод іх былі не толькі мужчыны як прадстаўнікі вернікаў, а таксама і душпастыры катэдральнай парафіі. Гэты жэст сімвалічны: раней яго рабілі нявольнікі, і той жа жэст здзейсніў Езус, пакідаючы яго ўсім наступным пакаленням як напамін, каб служылі адзін аднаму. Пасля Камуніі біскуп у працэсіі перанёс кансэкраваныя гостыі ў цямніцу, якая сімвалізуе арышт Езуса ў Аліўным садзе, пасля чаго разам са святарамі адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт.
|
Фотарэпартаж |